Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папскае пасланне: не адводзіць позірк ад тых, хто ў бядзе

Бедныя – гэта не кранальныя выявы, а асобы, якія патрабуюць годнасці, - адзначыў Францішак у пасланні на VII Сусветны дзень бедных.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Погляд беднага чалавека змяняе кірунак жыцця таго, хто сустракаецца з ім, але мы павінны дапамагаць яму ў адпаведнасці з яго патрэбамі, а не нашымі ідэямі ці жаданнямі, - такая ідэя ляжыць у аснове разважанняў Папы на Сусветны дзень бедных, які будзе адзначацца 19 лістапада 2023 года.

Тэма паслання: Не адварочвай аблічча твайго ад ніводнага беднага (Тоб 4, 7). У ім Папа заклікаў бачыць у самых уразлівых з людзей твар Езуса, не звяртаючы ўвагу на колер скуры, сацыяльнае становішча і паходжанне. Бачыць брата, да якога трэба ісці насустрач, адмаўляючыся ад абыякавасці, з дапамогай якой мы абараняем наш ілюзорны дабрабыт.

Сучасная рэальнасць адзначана занадта моцным імкненнем да дабрабыту, якое прыглушае галасы бедных, пазбаўляецца ад усяго таго, што не ўпісваецца ў лад жыцця, прымушае пакутаваць. Чалавечая цялеснасць узносіцца як мэта, якую неабходна дасягнуць, віртуальная рэальнасць змешваецца з рэальным жыццём, - падкрэсліваецца ў папскім пасланні.

Бедныя пераўтвараюцца ў выявы, якія могуць крануць на некалькі імгненняў, але сустракаючыся з намі ў рэальнасці на вуліцы, выклікаюць раздражненне, якое вядзе да маргіналізацыі. Тым не менш, пакліканне кожнага хрысціяніна – дапамагаць бліжняму, як Добры Самаранін, - напісаў Святы Айцец.

На думку Пантыфіка, неабходна прыкласці сур'ёзныя і эфектыўныя палітычныя і заканадаўчыя намаганні, каб забяспечыць годнае жыццё для ўсіх. Ва ўмовах, калі палітыка не заўсёды выконвае свае абавязкі па служэнні агульнаму дабру, існуе вялікая патрэба ў салідарнасці і субсідыярнасці грамадзян, якія вераць у каштоўнасць добраахвотнай дапамогі бедным. Акрамя таго, тыя, хто жывуць у беднасці, не павінны стаяць і глядзець, чакаючы атрымаць нешта зверху, а ўдзельнічаць і дазволіць суправаджаць сябе па шляху да перамен і адказнасці.

Францішак звярнуў увагу на новых бедных: дзяцей у зонах ваенных канфліктаў, чыя будучыня пастаўлена пад пагрозу, людзей, вымушаных выбіраць паміж ежай і лекамі, работнікаў, якія падвяргаюцца бесчалавечнаму абыходжанню і эксплуатацыі, ахвяр няшчасных выпадкаў на працы. Таксама моцную заклапочанасць Пантыфіка выклікаюць маладыя людзі, падманутыя культурай, якая прымушае іх адчуваць сябе няўдачнікамі і нават здзяйсняць самагубства. Давайце дапаможам ім “знайсці шлях наперад, каб здабыць моцную і шчодрую ідэнтычнасць”, - заахвоціў Святы Айцец.

Па словах Францішка, бедныя – гэта асобы з іх гісторыямі, сэрцамі і душамі. Папа выказаў удзячнасць многім добраахвотнікам і простым людзям, суседзям, здольным слухаць, весці дыялог і запрашаць у свой дом у знак братэрства. Міласэрнасць надае сэнс усяму хрысціянскаму жыццю, - адзначыў Францішак, узгадваючы напрыканцы свайго паслання святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса, якая казала аб тым, што кожны мае права быць асвечаным дабрачыннасцю.

13 чэрвеня 2023, 12:16