Пошук

Эмануэла Арландзі Эмануэла Арландзі 

Папа моліцца за ахвяр насілля ў Гандурасе і сем’і зніклых людзей

Святы Айцец выказаў словы падтрымкі сем’ям ахвяр насілля ў Гандурасе, а таксама людзям, якія носяць у сабе боль знікнення сваіх блізкіх. Ён заклікаў не забываць маліцца за Украіну.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак выказаў свой смутак у сувязі з трагедыя ў жаночай турме Тамара ў Гандурасе, дзе ў выніку беспарадкаў загінула па меншай меры 41 зняволеная. “Жудаснае насілле паміж варожымі бандамі пасеяла смерць і пакуты. Малюся за загінулых, малюся за іх блізкіх. Няхай Суяпская Панна, Маці Гандураса, дапаможа сэрцам адкрыцца на прымірэнне і стварыць месца для братэрскага суіснавання, таксама ў турмах”, - заклікаў ён пасля малітвы Анёл Панскі, якую правёў 25 чэрвеня 2023 года ў Ватыкане.

Пантыфік згадаў таксама пра 40-годдзе з дня знікнення Эмануэлы Арландзі, дачкі ватыканскага супрацоўніка, зніклай без вестак 22 чэрвеня 1983 года. “Хачу скарыстацца гэтай нагодай, каб яшчэ раз выказаць маю блізкасць яе родным, асабліва маці, і запэўніць у маёй малітве”, - сказаў Святы Айцец, выказваючы блізкасць усім сем’ям, якія носяць у сабе боль знікнення сваіх дарагіх людзей.

Папа прывітаў прысутныя на плошчы святога Пятра групы пілігрымаў з розных краін свету і заклікаў іх прасіць Бога аб дары міру, асабліва для змучанага народа Украіны.
 

25 чэрвеня 2023, 12:54