Пошук

Клініка імя Агасціна Джэмэлі Клініка імя Агасціна Джэмэлі  (ANSA)

Заўтра Папа вернецца ў Ватыкан

Медыцынскі персанал пацвердзіў, што клінічнае выздараўленне Пантыфіка пасля аперацыі лапаратаміі ідзе без ускладненняў і ён будзе выпісаны з клінікі раніцай 16 чэрвеня 2023 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

"Медыцынскі персанал, які сочыць за станам здароўя Францішка, пацвердзіў, што выпіска Святога Айца з лякарні імя Агасціна Джэмэлі адбудзецца ў пятніцу, 16 чэрвеня, у першай палове дня", - паведаміў 15 чэрвеня 2023 года кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.

Паведамляецца таксама, што Папа добра адпачыў ноччу, пасляаперацыйнае выздараўленне праходзіць без ускладненняў, а аналізы крыві ў норме.

Увечары 14 чэрвеня Францішак павячэраў разам з тымі, хто дапамагае яму падчас шпіталізацыі. Раніцай 15 чэрвеня, у знак падзякі, ён прыняў лекараў, медсясцёр і дапаможны персанал, якія правялі аперацыю лапаратаміі і пластыкі брушной сценкі пратэзамі.

Пазней ён сустрэўся з кіраўніцтвам бальніцы, а таксама наведаў аддзяленне педыятрычнай анкалогіі і дзіцячай нейрахірургіі, дзе наведаў маленькіх пацыентаў, якія ў гэтыя дні даслалі яму шматлікія лісты, малюнкі і пажаданні хуткага выздараўлення.

"Святы Айцец падзякаваў усім медыцынскім работнікам за прафесіяналізм і намаганні, накіраваныя на тое, каб палягчаць пакуты бліжняга не толькі з дапамогай лекаў, але і пяшчоты і чалавечнасці», – адзначаецца ў паведамленні Залы Друку.

15 чэрвеня 2023, 13:55