Пошук

Юліяна Норыджская Юліяна Норыджская  (Matt Brown)

Папа: шчодрасць Юліяны з Норыджа – прыклад для нашага грамадства

Нягледзячы на прысутнасць зла сярод нас, усё скончыцца добра, - гэтыя словы Юліяны з Норыджа нагадаў Францішак у сваім пасланні да каталіцкіх і англіканскіх пілігрымаў, якія адзначаюць 650-годдзе аб'яўленняў гэтай каталіцкай дзяячкі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Юліяна Норыджская – сярэдневяковая пустэльніца і пісьменніца, адна з найбуйнейшых прадстаўніц містыцызму. У 1373 годзе яна атрымала аб’яўленні аб муках Хрыстовых, аб якіх распавяла ў кнізе Аб’яўленні Божай любові, самай ранняй з вядомых англамоўных кніг, напісаных жанчынай.

У сваім пасланні Папа запэўніў у сваёй духоўнай блізкасці да тых пілігрымаў з усяго свету, якія прымаюць удзел у экуменічных урачыстасцях у Норыджы. “Глыбокае значэнне гэтага англійскага містыка для хрысціянскай традыцыі ідзе да нас з глыбіні стагоддзяў і атрымлівае ўсё большае прызнанне”, - напісаў Францішак.

Сапраўды, “яе матчын уплыў, сціплая ананімнасць і глыбокія тэалагічныя азарэнні служаць своечасовым напамінам аб тым, што вера ў ласкавы Божы провід і святасць жыцця, якія выяўляюцца ў шчодрым служэнні нашым братам і сёстрам у патрэбе, з'яўляюцца вечнымі ісцінамі”, якія ляжаць у аснове не толькі хрысціянскага жыцця, але і справядлівага і братэрскага грамадства, - дадаў Пантыфік.

Францішак асабліва адзначыў шчодрасць Юліяны, якая вітала ўсіх, хто шукаў у яе духоўнай парады і падбадзёрвання. "Гэтая гатоўнасць ахвяраваць уласнымі выгодамі дзеля іншых асабліва неабходная для вырашэння эндэмічных праблем ізаляцыі і адзіноты, з якімі сутыкаюцца шматлікія людзі ў матэрыяльна забяспечаных краінах свету", - патлумачыў Святы Айцец.

Напрыканцы паслання, Францішак адзначыў, што словы Юліяны з Норыджа аб Божай міласэрнасці і спагадзе працягваюць заставацца актуальнымі і сёння. З яе кнігі Аб’яўленні Божай Любові мы даведваемся, што, нягледзячы на прысутнасць зла сярод нас, "усё будзе добра".

"Я малюся, каб усе, хто сутыкаецца з узрастаючымі праблемамі вайны, несправядлівасці, экалагічных катастроф або духоўнай беднасці, маглі знайсці суцяшэнне і ўмацаванне ў гэтых вечных мудрых словах", - заключыў Папа.

Па традыцыі, Святы Айцец удзяліў сваё благаслаўленне ўсім удзельнікам памятных мерапрыемстваў у гонар Юліяны з Норыджа.

16 мая 2023, 10:44