Пошук

Папа Францішак падчас размовы з журналістамі Папа Францішак падчас размовы з журналістамі  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа: мы гатовы дапамагчы вярнуць з Расіі ўкраінскіх дзяцей

Францішак прызнаўся, што гатовы зрабіць усё магчымае дзеля міру ва Украіне. “Таксама і зараз трывае пэўная місія, але яна пакуль не публічная”, - сказаў ён падчас размовы з журналістамі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Вяртаючыся з Будапешта ў Рым, 30 красавіка 2023 года, Святы Айцец адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ, якія суправаджалі яго на борце самалёту. Адна з журналістак спытала Папу, ці зможа ён дапамагчы з вяртаннем украінскіх дзяцей, якіх Расія вывозіць на сваю тэрыторыю. Нядаўна з такой просьбай да Пантыфіка звярнуўся Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль.

“Я думаю, што гэта магчыма, бо Святы Пасад ужо выступаў пасрэднікам у некаторых выпадках абмену палоннымі” і “тады ўсё атрымалася”, - нагадаў Пантыфік. “Думаю, што можа атрымацца і гэта”, - дадаў ён.

Францішак падкрэсліў, што гаворка ідзе пра справу справядлівасці і чалавечнасці, а не проста пра пытанне вайны ці дэпартацый. “Усе чалавечыя жэсты дапамагаюць, а жорсткія дзеянні шкодзяць. Мы павінны зрабіць усё, што ў нашых сілах”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу таксама на сітуацыю ўкраінскіх жанчын, якія апынуліся на тэрыторыі Італіі, Іспаніі, Польшчы і Венгрыі. Ён заўважыў, што многія з іх прыбываюць разам са сваімі дзецьмі і зараз атрымліваюць дапамогу. “Але мы не павінны згубіць энтузіязму”, - заахвоціў ён, заклікаючы не пакідаць гэтых жанчын без абароны, каб яны не трапілі ў рукі “сцярвятнікаў, якія кружаць вакол, шукаючы такіх сітуацый”.
 

01 мая 2023, 10:19