Пошук

Папа: гвалт, прыгнёт і заваяванні не спрыяюць агульнаму дабру

Інвеставаць у дабрабыт людзей заўсёды лепш, чым траціць рэсурсы на стварэнне смертаноснай зброі, - падкрэсліў Святы Айцец падчас сустрэчы з дыпламатамі ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

13 мая 2023 года Францішак прыняў даверчыя граматы новых паслоў Ісландыі, Бангладэша, Сірыі, Гамбіі і Казахстана. Ён выказаў блізкасць народам, якія яны прадстаўляюць, у прыватнасці сірыйскаму, які працягвае прыходзіць у сябе пасля нядаўняга землятрусу і пакутаваць ад узброенага канфлікту.

Пантыфік нагадаў пра сітуацыю ў Судане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, М’янме, Ліване і Іерусаліме, дзе адбываюцца сутыкненні і беспарадкі. Ён згадаў пра Гаіці, якая працягвае перажываць цяжкі сацыяльны, эканамічны і гуманітарны крызіс, а таксама пра вайну ва Украіне, якая прывяла да невымоўных пакут і гібелі людзей. Святы Айцец звярнуў увагу на павелічэнне патокаў вымушанай міграцыі, кліматычныя змены і цярпенні вялікай колькасці людзей з-за беднасці, голаду, недахопу пітной вайны, базавых медыцынскіх паслуг, адукацыі і годнай працы.

“Калі мы навучымся з гісторыі, што шляхі насілля, прыгнёту і нястрымных амбіцый заваявання зямель не спрыяюць агульнаму дабру? Калі мы навучымся таму, што інвеставаць у дабрабыт людзей заўсёды лепш, чым траціць рэсурсы на стварэнне смертаноснай зброі? Калі мы навучымся таму, што пытанні сацыяльнай сферы, эканомікі і бяспекі звязаны паміж сабой? Калі мы навучымся таму, што з’яўляемся адной чалавечай сям’ёй, якая можа па-сапраўднаму квітнець толькі калі ўсе яе члены будуць карыстацца павагай, клопатам і здольнасцю рабіць свой уклад непаўторным чынам? Пакуль мы не прыйдзем да ўсведамлення гэтага, працягнем перажываць тое, што я называю фрагментарнай трэцяй сусветнай вайной”, - папярэдзіў Папа.

Францішак падзяліўся з пасламі сваёй упэўненасцю ў тым, што чалавецтва ў стане адказаць на выклікі нашага часу. У гэтым кантэксце ён падкрэсліў важнасць старажытнага і высакароднага служэння дыпламатаў. “Як чалавек дыялогу, будаўнік мастоў, пасол можа быць постаццю надзеі”, - сказаў Пантыфік. Актуальная сітуацыя ў свеце, на яго думку, паказвае неабходнасць таго, каб дыпламаты шукалі мірныя рашэнні канфліктаў, адкінуўшы эмоцыі, каб былі прыхільнікамі міру і абаронцамі надзеі.

“Са свайго боку, Святы Пасад, у адпаведнасці са сваёй прыродай і асаблівай місіяй, абавязваецца абараняць непарушную годнасць кожнага чалавека, спрыяць агульнаму дабру і спрыяць чалавечаму братэрству паміж усімі народамі. Гэтыя намаганні, якія не звязаны з пераследам палітычных, камерцыйных або ваенных мэтаў, дасягаюцца шляхам ажыццяўлення пазітыўнага нейтралітэту. Гэта далёка не “этычны нейтралітэт”, асабліва перад абліччам чалавечых пакут, што надае Святому Пасаду дакладна акрэсленую пазіцыю ў міжнароднай супольнасці і дазваляе яму больш спрыяць вырашэнню канфліктаў і іншых праблем”, - падкрэсліў Францішак.
 

13 мая 2023, 09:20