Пошук

Вокладка кнігі "Густ перамен. Экалагічнае пераўтварэнне як шлях да шчасця" Вокладка кнігі "Густ перамен. Экалагічнае пераўтварэнне як шлях да шчасця" 

Францішак: спажываць менш рэчаў, больш развіваць адносіны

Каб знайсці шлях да шчасця, неабходна спажываць менш рэчаў і больш развіваць адносіны паміж людзьмі, - напісаў Папа ў прадмове да кнігі Густ перамен (Il gusto di cambiare), якая 17 мая 2023 года выйшла ў выдавецтвах Slow Food і LEV.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Аўтары кнігі – эканаміст, езуіт Гаэль Жыро і Карла Петрыні, актывістка ў сферы харчавання і экалогіі.

Папа зазначыў, што чытанне кнігі спарадзіла ў ім “сапраўдны густ прыгожага і добрага, густ надзеі, сапраўднасці, будучыні”. З аднаго боку, аўтары даюць абгрунтаваны і крытычны аналіз эканамічнай і харчовай мадэлі нашага грамадства, з іншага боку, прапануюць прыклады пазітыўных сітуацый і клопату пра агульнае дабро.

Францішак падкрэсліў, што два дарослых эксперта, сямідзесяцігадовая актывістка і пяцідзесяцігадовы прафесар эканомікі, бачаць “падставы для надзеі і даверу ў новым пакаленні”. Замест таго, каб скардзіцца на моладзь, мы павінны шчыра прызнаць, што менавіта яна ўвасабляе змены, у якіх мы маем патрэбу. “Менавіта маладыя людзі ў розных частках свету просяць нас змяніцца. Змяніць наш лад жыцця, такі драпежны ў адносінах да навакольнага асяроддзя. Змяніць нашы адносіны з рэсурсамі Зямлі, якія не бясконцыя. Змяніць наша стаўленне да іх, да маладога пакалення, у якога мы крадзем будучыню”, - адзначыў Пантыфік, дадаючы, што моладзь не толькі просіць, але і дзейнічае: выходзіць на вуліцы, выказвае сваю нязгоду з несправядлівай эканамічнай сістэмай, робіць адказны выбар прадуктаў харчавання, транспарту, спажывання.

Аўтары кнігі паказваюць шляхі ўстойлівага эканамічнага развіцця і крытыкуюць цяперашнюю канцэпцыю дабрабыту, заснаваную на ВУП, без павагі да навакольнага асяроддзя, правоў і годнасці чалавека “ВУП мае ваеннае паходжанне”, - лічыць Папа, спасылаючыся на меркаванне Гаэля Жыро аб тым, што ВУП стаў адзіным параметрам для ацэнкі стану эканомікі ў часы нацызму, калі арыенцірам служыла зброевая прамысловасць. Гэты факт з'яўляецца яшчэ адным доказам таго, наколькі тэрмінова неабходна пазбавіцца ад гэтай эканамічнай мадэлі, якая на алтар прыбытку прыносіць у ахвяру чалавечнасць, - адзначыў Святы Айцец.

Акрамя таго, кніга мае дзве цікавыя рысы. Па-першае, яна напісана ў форме дыялогу, размовы, сустрэчы, якая становіцца падставай для росту і пошуку ісціны. Па-другое, суразмоўцы прадстаўляюць розныя пункты гледжання: Петрыні называе сябе агностыкам, Жыро - езуіт. Тым не менш, гэта не перашкаджае ім весці інтэнсіўную і канструктыўную размову, якая “становіцца маніфестам магчымай будучыні для нашага грамадства і нашай планеты, якой пагражаюць жудасныя наступствы разбуральнага, каланіялісцкага і дамінуючага падыходу да cтварэння”.

Вернік і агностык сустракаюцца і размаўляюць аб тым, што павінна зрабіць наша грамадства, каб будучыня была магчымай. Абодва суразмоўцы асуджаюць сістэму спажывання і марнатраўства, бачачы ў альтруізме і братэрстве сапраўдныя ўмовы для трывалага і мірнага сумеснага жыцця. Тым самым яны даказваюць, што перспектыва Езуса з'яўляецца плённай і жыццяздольнай для ўсіх мужчын і жанчын, для тых, у каго ёсць гарызонт веры, і для тых, у каго яго няма, - падкрэсліў Пантыфік, дадаючы, што чалавечае братэрства і сацыяльнае сяброўства, якім ён прысвяціў энцыкліку Fratelli tutti, павінны ляжаць у аснове нашых адносін на асабістым, грамадскім і палітычным узроўнях.

Напрыканцы прадмовы Папа звярнуў увагу на крытычную экалагічную сітуацыю, якая складваецца ў свеце: засухі, экалагічныя катастрофы, вымушаная міграцыя. Заставацца абыякавымі азначала б быць саўдзельнікамі разбурэння прыгажосці, якую стварыў Бог, - папярэдзіў Святы Айцец, заклікаючы чытачоў клапаціцца аб агульным доме, спажываючы менш рэчаў і больш развіваючы асабістыя адносіны.

17 мая 2023, 11:42