Пошук

Аўдыенцыя для пілігрымаў з дыяцэзіі Спалета-Норча Аўдыенцыя для пілігрымаў з дыяцэзіі Спалета-Норча  (Vatican Media)

Францішак: перадача веры – пытанне прыгажосці

Не баяцца абнаўляць спосабы евангелізацыі, катэхізацыі і душпастырскага служэння, - заклікаў Святы Айцец 20 мая 2023 года падчас сустрэчы з італьянскімі вернікамі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Зале Паўла VI у Ватыкане пілігрымаў з дыяцэзіі Спалета-Норча. У сустрэчы бралі ўдзел каля 1600 вернікаў. Яны прыбылі ў Рым у рамках святкавання 825-годдзя кансэкрацыі катэдральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Унебаўзятай у Спалета.

“Перадача веры – гэта пытанне прыгажосці, а прыгажосць не тлумачыцца – яна паказваецца”, - сказаў Наступнік святога Пятра. Ён падкрэсліў, што цяпер для Касцёла настаў час “засяродзіцца на сапраўдных прыярытэтах”. Трэба “шукаць прыгажосць і сягаць да сутнасці рэчаў”, - перакананы Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што нельга баяцца абнаўляць спосабы евангелізацыі, катэхізацыі, служэння святароў і душпастырскіх работнікаў, каб перайсці ад “захаваўчага душпастырства, пры якім чакаем, што людзі самі прыйдуць”, да “місіянерскага душпастырства”, якое прадугледжвае выйсце за рамкі “душпастырскай замкнёнасці”.

Папа папярэдзіў пра небяспеку “вірусу наракання”, які закранае тых, хто аплаквае мінулае, а таксама заклікаў да жыццёвага сведчання веры. “У Касцёле тое, што сведчыцца, больш важнае за тое, што прапаведуецца”, - дадаў ён, адзначаючы таксама важнасць паслядоўнасці паміж верай і жыццём, пошуку сапраўднай прыгажосці і нясення яе ў свет па прыкладзе “рэстаўратара, які адкрывае колеры старажытнай фрэскі”.

“Жадаю вам быць адкрывальнікамі прыгажосці, шукальнікамі скарбаў веры; не спыняцца на паверхні, але бачыць далей, цэнячы і прымаючы спадчыну святасці і служэння, якая з’яўляецца багаццем Касцёла”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што вера не можа быць “успамінам мінулага” і “нечым музейным”: ёй трэба жыць у евангельскай радасці і еднасці з братамі і сёстрамі. “Хрысціянін пакліканы нанава адкрыць прыгажосць, атрыманую праз ласку, і заступацца, што значыць прыцягваць прыгажосць на іншых”, - зазначыў Святы Айцец.
 

20 мая 2023, 12:49