Пошук

Францішак: Езус надаў новае значэнне сямейным адносінам

“Самай моцнай і важнай сувяззю для нас, хрысціян, з’яўляецца не сувязь крыві, а любоў Хрыста”, - адзначыў Папа, сустракаючыся 5 мая 2023 года з вернікамі італьянскай дыяцэзіі Асці, якую ён асабіста наведаў у лістападзе 2022 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак прызнаўся, што падчас тых лістападаўскіх дзён адчуў сябе ў П’емонце часткай вялікай сям’і. “Гэта пачуццё чалавечай цеплыні, (...) – яно загарэлася ўва мне, гледзячы на вашы радасныя твары, адчуваючы вашу любоў, бачачы, што ёсць сям’я, якая ідзе наперад, якая ідзе шляхам Евангелля, з усімі абмежаваннямі і цяжкасцямі", - адзначыў ён.

Менавіта сям’я застаецца галоўнай каштоўнасцю, - нагадаў Пантыфік. “Напачатку я звярнуўся да вас “браты і сёстры”. Гэта не проста формула, звычайная фраза. Гэта рэальнасць, новая рэальнасць, спароджаная Езусам Хрыстом. (...) Гэта слова Езуса радыкальна абнавіла сям’ю, і цяпер самай моцнай і важнай сувяззю для нас, хрысціян, з’яўляецца ўжо не сувязь крыві, але любоў Хрыста. Яго любоў перамяняе сям’ю, вызваляе яе ад дынамікі эгаізму, якая вынікае з чалавечага стану і граху, вызваляе яе і ўзбагачае новай сувяззю, яшчэ больш моцнай, але свабоднай, у якой дамінуюць не інтарэсы і ўмоўнасці сваяцтва, але ўдзячнасць, павага і ўзаемнае служэнне”, - заўважыў ён.

Францішак нагадаў, што карані яго сям’і знаходзяцца ў П’емонце, адкуль прыехалі пілігрымы. “Мы дзякуем Богу за дар жыцця і за тых, хто яго нам даў. Але перш за ўсё варта дзякаваць за тое, што Езус Хрыстус паклікаў нас быць часткай Яго сям’і, у якой важна выконваць волю Айца, Які ў нябёсах. І гэта новая сям’я Езуса, надаючы новае значэнне сямейным адносінам – паміж сужонкамі, паміж бацькамі і дзецьмі, паміж братамі і сёстрамі – адначасова прымушае заквашваць жыццё касцёльнай і грамадзянскай супольнасці”, - звярнуў увагу Папа.

На думку Святога Айца, “у горадзе, у вёсцы, у парафіі братэрства – гэта не проста прыгожае словы, ідэал для летуценнікаў, яно мае фундамент – Езуса Хрыста, Які ўсіх нас зрабіў братамі і сёстрамі, і ў Яго ёсць дарога – Евангелле – шлях, па якім трэба ісці ў любові, у служэнні, у прабачэнні, у нясенні цяжару адно аднаго”.

Францішак наведаў Асці 19-20 лістапада 2022 года. Гэта быў прыватны візіт. Яго галоўнай мэтай была сустрэча з сваякамі і святкаванне 90-гадовага юбілею стрыечнай сястры. Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Папа ўзначаліў Эўхарыстыю ў катэдры Асці.
 

05 мая 2023, 12:29