Пошук

Францішак: антрапалагічная ідэнтычнасць жанчыны – у небяспецы

Трэба маліцца справамі і апераваць тым, што мы адкрылі ў малітве, каб увайсці ў гармонію з місіяй усяго Касцёла, - нагадаў Папа 13 мая 2023 года ў Ватыкане прадстаўніцам Сусветнага саюза каталіцкіх жаночых арганізацый (UMOFC).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак лічыць, што “сёння існуе вострая неабходнасць знайсці мір у свеце, мір, які пачынаецца перш за ўсё ў сэрцы, хворым сэрцы, раздзіраным падзеламі нянавісці і злосці”. Прычым у нашы дні ў небяспецы таксама знаходзіцца “антрапалагічная ідэнтычнасць жанчыны”, “паколькі яна выкарыстоўваецца як прадмет палітычных спрэчак і культурных ідэалогій, якія ігнаруюць прыгажосць, з якой створана жанчына”.

“Неабходна больш шанаваць здольнасць жанчыны да адносін і аддачы, а мужчынам лепш разумець багацце ўзаемнасці, якой яны абавязаны жанчынам, каб аднавіць тыя антрапалагічныя элементы, якія характарызуюць чалавечую ідэнтычнасць, а разам з ёй і ідэнтычнасць жанчын і іх ролю ў сям'і і грамадстве, дзе яны ніколі не перастаюць быць сэрцам, якое б’ецца”, - звярнуўся Пантыфік.

Ён спаслаўся на аб’яўленні Багародзіцы дзецям-пастушкам з Фацімы і заклікаў сваіх госцей “паглядзець на Марыю як на ўзор жанчыны par excellence, якая ў поўнай меры жыве дарам і заданнем: дарам “мацярынства” і заданнем “клапаціцца” пра сваіх дзяцей у Касцёле”.

“У гэтым кантэксце слабасці мы павінны спытаць сябе: што робіць Марыю моцнай? Што дало сілы маленькім пастушкам зрабіць тое, пра што яна іх прасіла? Якая таямніца перамяніла тых слабых, малых людзей у сапраўдных сведак радасці Евангелля? Сакрэт усялякага вучнёўства і гатоўнасці да місіі заключаецца ў культываванні ўнутранага саюза з “салодкім госцем душы”, Які заўсёды суправаджае нас: любові да Бога і захавання еднасці з Ім, як галіны вінаграднай лазы (Ян 15, 1-11), каб, як Марыя, жыць паўнатой жаночай існасці, усведамляючы і адчуваючы сябе выбранымі і дзеючымі асобамі збаўчай справы Бога. Гэта ўнутраная еднасць з Езусам павінна выяўляцца знешне ў захаванні еднасці з Касцёлам, з маёй сям’ёй або з маёй арганізацыяй, якія дапамагаюць мне сталець у веры. Гэта тое, што надае каштоўнасць усім ініцыятывам, якія мы праводзім”, - падзяліўся разважаннем Францішак.

Ён звярнуў увагу на тое, што “гэта таксама сутнасць сінадальнасці, якая прымушае нас адчуваць сябе галоўнымі героямі і суадказнымі за дабро Касцёла, ведаць, як інтэграваць адрозненні і працаваць у эклезіяльнай гармоніі”.
 

13 мая 2023, 12:25