Пошук

Кодэкс кананічнага права. Ілюстрацыйная выява Кодэкс кананічнага права. Ілюстрацыйная выява 

Змены ў Кодэксе Усходніх Цэркваў адносна права голасу на Сінодзе

У адказ на просьбы некаторых патрыярхаў і арцыбіскупаў Францішак унёс некаторыя змены ў каноны Ўсходніх Цэркваў, пазбавіўшы права голасу біскупаў-эмерытаў па дасягненні 80-гадовага ўзросту.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Біскупы-эмерыты, якім споўнілася 80 гадоў, страчваюць права вырашальнага голасу на пасяджэннях Сінода Біскупаў. 17 красавіка 2023 быў абнародаваны адпаведны апостальскі ліст Францішка ў форме motu proprio.

Неабходнасць унясення змен у кананічнае права Ўсходніх Цэркваў і ўвядзення ўзроставага парога для галасавання паўстала ўжо даўно, гаворыцца ў апостальскім лісце Iam Pridem. Па просьбе "некаторых патрыярхаў, арцыбіскупаў і біскупаў" Пантыфік пастанавіў выключыць з галасавання па дасягненні 80 гадоў біскупаў-эмерытаў.

У падпісаным Францішкам лісце тлумачыцца, што прычынай змен сталі цяжкасці, якія ўзнікалі ў Сінодах Біскупаў Усходніх Цэркваў у сувязі з колькасцю біскупаў-эмерытаў, якія прымаюць актыўны ўдзел у галасаванні, асабліва ў абранні біскупаў, кіраўнікоў і айцоў адпаведных Цэркваў sui iuris.

Гэтыя цяжкасці заахвоцілі іерархаў звярнуцца да Святога Айца з просьбай аб зменах, сутнасць якіх выкладзена ў апостальскім лісце, падпісаным 16 красавіка 2023 года і апублікаваным 17 красавіка. Ліст уносіць змены ў каноны 66, § 1, 102, 149 і 183 Кодэкса кананічнага права Ўсходніх Цэркваў.

Паведамляецца, што новы закон уступіць у сілу праз месяц і не будзе распаўсюджвацца на дзеючых патрыярхаў, арцыбіскупаў, епархіяльных біскупаў і экзархаў з біскупскім пасвячэннем, якія ў цяперашні час ужо нясуць сваё служэнне на пасадах, нягледзячы на тое, што ім ужо споўнілася 80 гадоў.

17 красавіка 2023, 13:43