Пошук

Вячэра Пана: Францішак маліўся з непаўналетнімі вязнямі

Папа правёў літургію Вячэры Пана ў калоніі для непаўналетніх Casal del Marmo. Дзесяць гадоў таму, на самым пачатку свайго пантыфікату, ён ужо пачынаў тут Вялікі тыдзень.

Марыя Валодзіна – Vatican News

6 красавіка 2023 года Святы Айцец наведаў рымскую калонію для непаўналетніх Casal del Marmo, дзе ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы Вячэры Пана з удзелам вязняў і персаналу пенітэнцыярнай структуры. Літургія прайшла ў прыватнай форме, але трансліравалася ў прамым эфіры ватыканскімі СМІ.

Адным з элементаў Імшы Вячэры Пана з’яўляецца традыцыйны абрад мыцця ног на ўспамін пра жэст Езуса з Апошняй вячэры. Францішак здзяйсняе яго не ў ватыканскай базыліцы, а на “перыферыях чалавечага існавання”: у бальніцах, дамах для састарэлых, прытулках для бяздомных, цэнтрах бежанцаў і турмах. У 2021 годзе гэта традыцыя была прыпынена з прычыны пандэміі каронавіруса, але ў сённяшні Вялікі чацвер Святы Айцец зноў адправіўся да зняволеных, каб памаліцца разам з імі.

У гаміліі Францішак спаслаўся на абмыванне ног вучням падчас Апошняй вячэры. “У той час існаваў звычай мыць ногі, увайшоўшы ў дом, таму што вуліцы былі пыльныя. Але хто мыў ногі? Рабы, нявольнікі, бо гэта была нявольніцкая праца. Уявіце здзіўленне вучняў, калі яны ўбачылі, што Езус пачынае мыць ногі”, - сказаў Папа, патлумачыўшы, што хутка Ён памрэ як нявольнік, каб збавіць усіх нас.

Па словах Пантыфіка, “жыццё было б выдатным”, калі б мы дапамагалі адзін аднаму, працягвалі руку, рабілі ўніверсальныя чалавечыя жэсты, народжаныя высакародным сэрцам. Абмыванне ног – не нешта фальклорнае, яно вучыць нас высакароднасці сэрца, - заўважыў Святы Айцец.

Кожны з нас можа паслізнуцца ў жыцці, - сказаў Францішак, дадаючы, што “упэўненасць у гэтым надае нам годнасць быць грэшнікамі”. Езус абмыў ногі, каб сказаць: "Я прыйшоў, каб выратаваць вас, каб служыць вам".

Пасля гаміліі Пантыфік абмыў ногі дванаццаці зняволеным, запрашаючы маладых людзей падчас гэтага сімвалічнага абраду падумаць аб тым, што “Пан заўсёды побач, Ён ніколі не пакідае, ніколі!”

06 красавіка 2023, 17:57