Пошук

Святы Айцец распачаў падарожжа ў Венгрыю

Раніцай 28 красавіка 2023 года Францішак распачаў сваё 41-е Апостальскае падарожжа. Ён наведае Венгрыю па запрашэнні дзяржаўных і касцёльных уладаў краіны.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У 8:21 па сярэднееўрапейскім часе самалёт Airbus A320 neo італьянскай авіякампаніі ITA Airways з Пантыфікам на борце вылецеў з аэрапорта Ф’юмічына ў Будапешт. Палёт будзе працягвацца каля 1 гадзіны 50 хвілін, за гэты час самалёт пераадолее ў паветры 990 кіламетраў. Яго маршрут будзе пралягаць праз паветраную прастору Італіі і Харватыі. Да кіраўнікоў гэтых краін Пантыфік па традыцыі скіраваў прывітальныя тэлеграмы. Чакаецца, што каля 10:00 раніцы самалёт прызямліцца ў міжнародным аэрапорце імя Ферэнца Ліста ў Будапешце, дзе яго будуць сустракаць прадстаўнікі дзяржаўных і касцёльных уладаў.

Святы Айцец застанецца ў сталіцы Венгрыі да 30 красавіка. Падчас візіту ён сустрэнецца з уладамі, духавенствам, кансэкраванымі асобамі, душпастырамі, хворымі дзецьмі, моладдзю, беднымі і бежанцамі, венгерскімі езуітамі, а таксама каталіцкай навуковай і ўніверсітэцкай супольнасцю. У апошні дзень пілігрымкі Папа ўзначаліць святую Імшу і правядзе малітву Regina Caeli.

Апостальскае падарожжа ў Венгрыю пройдзе пад дэвізам Хрыстус – наша будучыня, а яго лагатып са знакамітым будапешцкім мостам нагадае пра важнасць будаўніцтва мастоў, якую неаднаразова падкрэсліваў Святы Айцец.

Гэта не першае падарожжа Францішка ў Венгрыю. Ён ужо наведваў краіну ў 2021 годзе з нагоды Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, але паездка не насіла афіцыйнага характару і была абмежавана ўдзелам у форуме. Сёлетнім падарожжам у Будапешт Папа спадзяецца дапоўніць і завяршыць візіт двухгадовай даўніны.

За два дні да паездкі Пантыфік здзейсніў традыцыйны прыватны візіт у рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе памаліўся перад іконай Salus Populi Romani, даверыўшы Багародзіцы сваё падарожжа ў Венгрыю.

Акрамя таго, па традыцыі, перад тым, як выправіцца ў падарожжа Папа здзейсняе жэст салідарнасці і блізкасці да найбольш уразлівых. На гэты раз перад ад'ездам у аэрапорт Святы Айцец сустрэўся з групай бяздомных, якія жывуць непадалёк ад плошчы святога Пятра і атрымліваюць дапамогу Апостальскай элемазінарыі. Суправаджаў бяздомных прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, кардынал Конрад Краеўскі.

28 красавіка 2023, 08:30