Пошук

Базыліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Базыліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

Папа змяніў сістэму карных санкцый для Усходніх Цэркваў

Змены, якія ўжо адбыліся ў Кодэксе Касцёла лацінскага абраду ў 2021 годзе, будуць унесеныя і ў Кодэкс Усходніх Цэркваў з улікам асаблівасцяў іх права. 5 красавіка 2023 быў абнародаваны адпаведны апостальскі ліст Францішка ў форме motu proprio.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Апостальскі ліст Vocare peccatores у форме motu proprio, падпісаны 20 сакавіка 2023 года, ва ўрачыстасць святога Юзафа, і апублікаваны 5 красавіка, рэфармуе крымінальнае права Ўсходніх Цэркваў, прыводзячы яго ў адпаведнасць з Кодэксам кананічнага права Лацінскага Касцёла, з улікам асаблівасцяў усходняга права. Новыя нормы набудуць сілу 29 чэрвеня 2023 года.

У 2021 годзе Апостальскай канстытуцыяй Pascite gregem Dei Францішак унёс папраўкі ў VI Кнігу Кодэкса кананічнага права, якая тычыцца карных санкцый у Касцёле. Гэта быў працяг працы, распачатай Бэнэдыктам XVI.

"Каб належным чынам задаволіць патрэбы Касцёла ва ўсім свеце, - тлумачыў тады Францішак, - відавочна, што неабходна перагледзець сістэму карных санкцый, уведзеную Янам Паўлам ІІ 25 студзеня 1983 года праз Кодэкс кананічнага права, неабходна змяніць яе, каб пастыры маглі выкарыстоўваць яе, як больш гнуткую прыладу збаўлення і выпраўлення, з пастырскай міласэрнасцю, дзеля прадухілення больш цяжкіх злачынстваў і дзеля загойвання ран, нанесеных чалавечай слабасцю”.

Новая VI Кніга Кодэкса кананічнага права Лацінскага Касцёла ўступіла ў сілу 8 снежня 2021 года.

Папа назваў гэтыя змены "канкрэтнай і незаменнай патрэбай у міласэрнасці не толькі ў адносінах да Касцёла, хрысціянскай супольнасці і магчымых ахвяр, але і ў адносінах да тых, хто здзейсніў злачынства”, якія таксама маюць патрэбу ў міласэрнасці з боку Касцёла. У мінулым вялікая шкода была нанесена няздольнасцю ўсвядоміць цесную сувязь, якая існуе ў Касцёле паміж ажыццяўленнем міласэрнасці і зваротам да карных санкцый – там, дзе таго патрабуюць абставіны і справядлівасць, - тлумачыў Пантыфік.

У Касцёле мэтай пакарання з'яўляюцца аднаўленне справядлівасці, выпраўленне правапарушэння і кампенсацыя шкоды. Пастары, якія імкнуцца выправіць паводзіны хрысціянскіх вернікаў, якія памыляюцца, такім чынам праяўляюць клопат, - заўважыў Папа ў сённяшнім апостальскім лісце.

Сакратар Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, біскуп Хуан Ігнасіа Арыета, падкрэсліў, што “новыя правілы значна больш выразна вызначаюць, калі павінны ўмешвацца царкоўныя ўлады ў выпадку злачынстваў”. Яны больш дакладныя, пакаранні больш ясныя, лепш вызначаныя. “Акрамя таго, сістэма карных санкцый Ўсходніх Цэркваў прыводзіцца ў адпаведнасць з сістэмай пакаранняў Лацінскага Касцёла ў многіх аспектах, такіх як жорсткае абыходжанне з дзецьмі і абарона сакрамэнтаў"

05 красавіка 2023, 15:14