Пошук

Папа: фінансавыя скандалы шкодзяць добраму імені Касцёла

Служыць адзінству Касцёла і захоўваць фінансавую празрыстасць, - заклікаў Францішак членаў дабрачыннай арганізацыі Papal Foundation (Папскі фонд), якіх прыняў на аўдыенцыі 21 красавіка 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік нагадаў, што Езус даручыў святому Пятру “заданне ўмацоўваць у веры братоў і быць знакам адзінства для Касцёла”, таму ўсе структуры, якія розным чынам падтрымліваюць яго наступнікаў, павінны падзяляць гэту папскую місію. “У святле адказнасці за еднасць, даручаную Пятру і яго наступнікам, я хацеў бы падкрэсліць два аспекты вашага супрацоўніцтва ў місіі Папы”, - сказаў Францішак, звяртаючы ўвагу ў першую чаргу на неабходнасць прасоўвання адзінства.

Святы Айцец са шкадаваннем адзначыў, што таксама і ў наш час “адзінства Касцёла паранена падзеламі” па прычыне ідэалогій і рухаў, якія, часам маючы добрыя намеры, у выніку прыводзяць да стварэння “партый”, дзе кожны імкнецца да перавагі, “калі справа даходзіць да разумення практыкі веры”.

“Сітуацыя яшчэ больш пагаршаецца ўжываннем свецкай тэрміналогіі, перш за ўсё палітычнага характару, калі гаворка ідзе пра Касцёл і саму веру. Святы Павел перасцерагаў Касцёл, які нараджаўся, ад гэтых інструментаў падзелу, якія павярхоўна або цалкам адмаўляюць прыроду Касцёла як адзінства ў разнастайнасці, як адзінства без аднастайнасці”, - сказаў Пантыфік.

“Матываваныя шчырай верай і моцным жаданнем дапамагаць іншым, члены Papal Foundation вышэй за гэтыя тэндэнцыйныя падзелы і спрыяюць адзінству праз штогадовае шчодрае фінансаванне шматлікіх праектаў і вылучэнне стыпендый, якія без прадузятасці і дыскрымінацыі аказваюць нашым братам і сёстрам ва ўсім свеце жыццёва важную дапамогу. З удзячнасцю за ваша сведчанне ў гэтым сэнсе заахвочваю вас трываць у вашым асаблівым служэнні адзінству ў паўсюдным Касцёле”, - дадаў Святы Айцец.

Другі аспект, на які звярнуў увагу дабрачынцаў Пантыфік – гэта празрыстасць. Ён нагадаў пра намаганні, якія Апостальская Сталіца прыкладае на працягу апошніх гадоў на карысць большай фінансавай траспарэнтнасці ў дзейнасці яе дыкастэрый і структур.

“Гэта асабліва важна ў дабрачыннай дзейнасці, якая грунтуецца на добрай волі і шчодрасці многіх людзей па ўсім свеце. Хоць фінансавыя скандалы, выкліканыя адсутнасцю пільнасці і празрыстасці, не параўнальныя з велізарнай шкодай, нанесенай няздольнасцю абараніць найбольш уразлівых ад розных форм злоўжыванняў, тым не менш яны шкодзяць добраму імені Касцёла і могуць паставіць пад сумнеў пераканаўчасць самой веры. У сувязі з гэтым я дзякую і высока цаню Papal Foundation за яго пастаянную прыхільнасць захаванню адэкватных мер празрыстасці, каб фінансаванне стыпендый і праектаў сапраўды прыносіла карысць патрабуючым і спрыяла будаўніцтву Валадарства Божага на зямлі”, - сказаў Пантыфік.
 

21 красавіка 2023, 10:29