Пошук

Францішак моладзі: вы створаны для вялікіх спраў

Вялікімі не становяцца, пераступаючы праз іншых, а апускаючыся да іншых; не за кошт іншых, а праз служэнне, - падкрэсліў Папа 29 красавіка 2023 года падчас сустрэчы з венгерскай моладдзю.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак нагадаў юнакам і дзяўчатам, што Езус – Бог, які стаў блізкім; Ён – лепшы сябар і брат, а таксама Настаўнік, які задае шмат пытанняў, перш чым даць адказ, каб дапамагчы нам адкрыць нашы сэрцы і жаданні. Бог заўсёды прабачае і дапамагае падняцца пасля нашых падзенняў, таму мы не павінны баяцца ісці па жыцці разам з Ім.

Папа нагадаў, што Езус не абураўся на вучняў, якія хацелі сядзець праваруч і леваруч Яго ў Нябесным Валадарстве, але дапамог ім знайсці правільны шлях да велічы. “Ён прымае іх жаданне дасягнуць вяршыні, але настойвае на тым, пра што трэба добра памятаць: вялікімі не становяцца, пераступаючы праз іншых, а апускаючыся да іншых; не за кошт іншых, а праз служэнне”, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец запэўніў венгерскую моладзь, што Езус шчаслівы, калі мы дасягаем вялікіх мэтаў. “Ён не хоча, каб мы былі лайдакамі і абібокам, маўчунамі і сарамліўцамі, але хоча, каб былі жывымі, актыўнымі, пратаганістамі. І гэта ніколі не абясцэньвае нашы чаканні, а, наадварот, павышае планку нашых жаданняў”, - сказаў Францішак.

Папа зазначыў, што для перамогі ў жыцці, як і ў спорце, трэба імкнуцца да вышыняў, без страху рэалізоўваючы свае таленты, здольнасці, мары, а таксама “трэніравацца” праз дыялог з Езуса, які з’яўляецца “найлепшым трэнерам”. “Ён слухае цябе, матывуе, верыць у цябе, здольны выцягнуць найлепшае з цябе” і заўсёды запрашае быць у камандзе: ніколі не ў адзіночку, але з іншымі, у Касцёле, супольнасці, разам перажываючы супольныя падзеі”, - падкрэсліў Францішак, запрашаючы юнакоў і дзяўчат прыняць удзел у Сусветных днях моладзі ў Лісабоне.

Пантыфік заклікаў моладзь не баяцца момантаў цішыні, неабходных для таго, каб “зарадзіць батарэі”: даверыць Езусу ў малітве, тое, што перажываем, і людзей. “Цішыня дае нам магчымасць прачытаць старонку Евангелля, якая прамаўляе да нашага жыцця, адараваць Бога, знаходзячы супакой у нашых сэрцах”, - сказаў ён, заклікаючы не выкарыстоўваць моманты цішыні, як нагоду для таго, каб “прыклеіцца да мабільных тэлефонаў і сацыяльных сетак”. “Жыццё рэальнае, а не віртуальнае, яно адбываецца не на экране, а ў свеце!”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Такім чынам, цішыня – гэта брама да малітвы, а малітва – гэта брама да любові”, - падкрэсліў Папа, нагадваючы, што малітва дазваляе сустрэць Бога, даверыць Яму нашы цяжкасці і слабасці, не хаваючы іх, не баючыся праўды. “Пан, як распавядае кожная старонка Евангелля, робіць вялікія справы не з дапамогай надзвычайных людзей, але праўдзівых людзей”, - сказаў Францішак, адзначаючы, што такіх людзей сёння вельмі патрабуе свет.

Папа заахвоціў юнакоў і дзяўчат думаць не толькі пра сябе і ўласную выгаду, але пра іншых людзей, Касцёл і грамадства, а таксама любіць паводле Езуса, гэта значыць служачы, як евангельскі юнак, які дапамог Езусу здзейсніць цуд памнажэння хлябоў, раздаўшы тое, што меў.

“Вось куды вядзе вера: да свабоднага і радаснага дару, да пераадолення страхаў, да ўдзелу! Сябры, кожны з вас каштоўны для Езуса, а таксама для мяне! Памятайце, што ніхто не можа заняць ваша месца ў гісторыі Касцёла і свету: ніхто не можа зрабіць тое, што можаце зрабіць толькі вы. Давайце тады дапаможам сабе паверыць, што мы любімыя і каштоўныя, што мы створаны для вялікіх спраў”, - сказаў Святы Айцец.
 

29 красавіка 2023, 17:43