Пошук

Папа: Касцёл павінен свабодна размаўляць на мове любові

Мы маем патрэбу ў Касцёле, які свабодна размаўляе на мове любові, універсальнай мове, якую чуюць і разумеюць усе, нават самыя далёкія, нават тыя, хто не верыць, - падкрэсліў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Бедныя дапамагаюць “веры, якую вызнаем, не стаць нявольніцай культу, далёкага ад жыцця, і не ператварыцца ў здабычу пэўнага роду “духоўнага эгаізму”, гэта значыць духоўнасці, якую будуем у адпаведнасці з нашым унутраным супакоем і задавальненнем”, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з беднымі і бежанцамі, якая прайшла 29 красавіка 2023 года ў касцёле святой Альжбеты Венгерскай у Будапешце.

Францішак зазначыў, што сапраўдная вера павінна дапамагаць выходзіць насустрач бедным і рабіць здольнымі размаўляць з жыццём на мове любові. “Як сцвярджае святы Павел, мы можам размаўляць на шматлікіх мовах, быць мудрымі і багатымі, але калі не маем любові, тады не маем нічога і мы нішто”, - дадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што на мове любові размаўляла святая Альжбета Венгерская, дачка караля, якая, перамененая сустрэчай з Хрыстом, адмовілася ад усіх сваіх багаццяў і прысвяціла сваё жыццё клопату пра бедных, пракажоных і хворых.

Святы Айцец падкрэсліў, што Бог дапамагае такім людзям, не вырашаючы іх праблемы з вышыні, але набліжаючыся да іх праз спагаду іншых людзей, якія бачаць цяжкасці сваіх бліжніх і не застаюцца абыякавымі. “Гэта сведчанне якое патрабуецца ад нас: спачуванне да ўсіх, асабліва да тых, хто пазначаны беднасцю, хваробай, пакутамі. Мы маем патрэбу ў Касцёле, які свабодна размаўляе на мове любові, універсальнай мове, якую чуюць і разумеюць усе, нават самыя далёкія, нават тыя, хто не верыць”, - дадаў Францішак.

Папа падзякаваў Каталіцкаму Касцёлу ў Венгрыі за велікадушны прыём уцекачоў з Украіну. Ён заўважыў, што атрыманы “бальзам любові” дапамагае людзям зноў знайсці адвагу і ісці наперад па жыцці – гэта сіла, якая дапамагае верыць у тое, што не ўсё страчана і што магчыма іншая будучыня. “ Любоў, якую Езус дае нам і якой загадвае жыць, такім чынам дапамагае выкараняць з грамадства, з гарадоў і месцаў, дзе жывём, зло абыякавасці і эгаізму, а таксама адраджае надзею на новае чалавецтва, больш справядлівае і братэрскае, дзе кожны можа адчуваць сябе як дома”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што матэрыяльная падтрымка бедных павінна быць спалучана з клопатам пра іх сэрцы і душы. “Міласэрная любоў – гэта не проста матэрыяльная і сацыяльная дапамога, але яна прадугледжвае клопат пра чалавека ва ўсёй яго цэласнасці і жаданне зноў паставіць яго на ногі праз любоў Езуса: любоў, якая дапамагае вярнуць сабе прыгажосць і годнасць”, - дадаў Святы Айцец.
 

29 красавіка 2023, 09:48