Пошук

Папа да венгерскага духавенства: Хрыстус – наша будучыня

Ад катастрафічнага паражэнства і свецкага канфармізму перасцярог Папа біскупаў, святароў, дыяканаў, кансэкраваных асоб, семінарыстаў і душпастыраў, сустракаючыся з імі 28 красавіка 2023 года ў Саборы святога Стэфана ў Будапешце.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваёй прамове Пантыфік адзначыў, што адной з самых важных задач для духавенства ў свеце з'яўляецца сведчанне таго, што Хрыстус – наша будучыня. Нягледзячы на буры, якія часам бушуюць у нашым свеце, нягледзячы на грамадскія перамены і крызіс веры на Захадзе, трэба заўсёды памятаць, што ўваскрэслы Хрыстус – гэта будучыня, а наша жыццё, якім бы далікатным яно ні было, знаходзіцца ў Яго руках. Забыцца пра гэта азначае альбо замкнуцца ў зручных і спакойных рэлігійных аазісах, альбо прыстасавацца да зменлівых вятроў свету, і тады хрысціянства страціць сваю сілу і перастане быць соллю зямлі, - папярэдзіў Святы Айцец.

Папа перасцярог духавенства ад катастрафічнага паражэнства і свецкага канфармізму. Першая небяспека заключаецца ў катастрафічным чытанні сучаснай гісторыі, якая грунтуецца на паражэнстве тых, хто паўтарае, што ўсё страчана, больш няма мінулых каштоўнасцяў, і мір рушыць невядома куды. Іншая рызыка заключаецца ў наіўнай інтэрпрэтацыі нашага часу, заснаванай на зручнасці канфармізму, які прымушае нас паверыць, што ўсё ідзе добра, як трэба, свет змяніўся і мы павінны адаптавацца. Евангельскі адказ на гэтыя небяспекі заключаецца, на думку Папы, у ветлівых гасцінных адносінах і прароцкім духу, альбо ў прароцкім успрыманні.

Пантыфік прывёў у прыклад евангельскую смакоўніцу, пра якую Хрыстус кажа: “Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах” (Мк 13, 28-29). Па словах Францішка, мы пакліканы прыняць, як плённую расліну, час, у якім жывем, з яго зменамі і праблемамі, таму што менавіта праз іх набліжаецца Пан. А між тым мы пакліканы культываваць наш час, сеяць у ім насенне Евангелля, абрэзаць сухія галіны зла, збіраць ураджай. Мы пакліканы да прароцкага ўспрымання, гэта значыць, павінны навучыцца распазнаваць прыкметы прысутнасці Бога ў рэальным жыцці і тлумачыць усё ў святле Евангелля, - зазначыў Святы Айцец.

Нават у Венгрыі, дзе добра ўкараніліся традыцыі веры, мы назіраем распаўсюджванне секулярызму, які часта пагражае цэласнасці і прыгажосці сям'і, падвяргае моладзь небяспецы матэрыялізму і геданізму, палярызуе грамадства, - заўважыў Францішак, дадаючы, што ў такой сітуацыі ўзнікае спакуса зачыніцца, адгарадзіцца і заняць баявую пазіцыю. Аднак падобныя рэаліі могуць прадстаўляць для хрысціян магчымасці, таму што стымулююць веру і паглыбляюць некаторыя тэмы ў дыялогу з Евангеллем, - лічыць Папа.

Уступаць у дыялог з сённяшнімі рэаліямі не проста для хрысціянскай супольнасці і перагружаных працай святароў. Таму важна, каб усе – пастыры і свецкія – адчувалі сумесную адказнасць, у першую чаргу за малітву і пакліканне моладзі да святарства, - падкрэсліў Пантыфік.

Неабходна аддаваць прыярытэт евангелізацыі, ініцыяваць актыўнае супрацоўніцтва паміж святарамі, душпастырамі і настаўнікамі. “Вы ўжо крочыце гэтай дарогай, не спыняйцеся!” - заклікаў Святы Айцец, падзякаваўшы дыяканам і настаўнікам за іх вырашальную ролю ў перадачы веры маладому пакаленню венграў.

Папа заклікаў духавенства пераадольваць чалавечыя рознагалоссі, таму што падзел не прыносіць пладоў. “Сумна, калі замест каманднай гульні мы падзеленыя, гэта ідзе на руку ворагу”, - адзначыў Святы Айцец, заклікаўшы да братэрства, блізкасці і ўвагі да іншых.

Быць міласэрнымі і спагадлівымі, мець міласэрны погляд, спачувальнае сэрца, якое заўсёды даруе, дапамагае пачаць нанова, вітае, а не асуджае, заахвочвае, а не крытыкуе, - заклікаў Францішак венгерскіх святароў, прывёўшы ў прыклад ксяндза Янаша Брэнэра, варварскі забітага ў маладым узросце.

Знаходзіцца побач з хрысціянамі, якіх пераследуюць, мігрантамі, якія шукаюць гасціннасці, людзьмі іншых нацыянальнасцяў і ўсімі тымі, хто мае патрэбу ў суцяшэнні, - заклікаў святароў Папа, прывёўшы ў прыклад святых Марціна і Стэфана. Па іх прыкладу і венгерскі Касцёл у цэнтры Еўропы павінен праяўляць міласэрнасць і блізкасць, весці дыялог, клапаціцца аб самых слабых, прымаць усіх і смела несці кожнаму прароцтва Евангелля, - сказаў Святы Айцец.

"Хрыстус – наша будучыня, таму што менавіта ён вядзе за сабой гісторыю", - адзначыў Папа, падкрэсліваючы, што “у гэтым былі цвёрда перакананыя многія біскупы, святары, рэлігійныя дзеячы, закатаваныя падчас атэістычных ганенняў”. Яны сведчаць аб гранітнай веры венграў, - адзначыў Пантыфік, прывёўшы ў прыклад кардынала Міндсенці.

Напрыканцы прамовы Папа заклікаў слухачоў быць сведкамі прароцтва Евангелля і маліцца, таму што ад гэтага залежыць будучыня.

28 красавіка 2023, 19:12