Пошук

Аўдыенцыя для дэлегацыі Interfaith Leaders from Greater Manchester Аўдыенцыя для дэлегацыі Interfaith Leaders from Greater Manchester  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Пантыфік: патрэбна дальнабачная палітыка інтэгральнай экалогіі

Пра неадкладную патрэбу ў прасоўванні інтэгральнай экалогіі нагадаў Францішак удзельнікам дэлегацыі міжрэлігійнай брытанскай арганізацыі Interfaith Leaders from Greater Manchester.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Выказваю маю падзяку за вашу дзейнасць, як рэлігійных і палітычных лідараў, з мэтай павысіць усведамленне неадкладнай патрэбы аховы навакольнага асяроддзя і працы ў сферы барацьбы з наступствамі кліматычных змен”, - сказаў Святы Айцец падчас аўдыенцыі, якая 20 красавіка 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Папа назваў сведчанне сваіх гасцей вельмі важным, заўважаючы, што гісторыя Манчэстэра, адкуль яны прыбылі, шчыльна звязана з прамысловай рэвалюцыяй, што аказала значны ўплыў на тэхнічны і эканамічны прагрэс, а таксама негатыўнае ўздзеянне на “чалавечае і прыроднае асяроддзе”.

Францішак падкрэсліў, што дзейнасць на карысць абароны навакольнага асяроддзя павінна быць уключана ў больш шырокія намаганні па “прасоўванні інтэгральнай экалогіі, якая паважае годнасць і каштоўнасць кожнага чалавека і прызнае трагічныя наступствы дэградацыі навакольнага асяроддзя для жыцця бедных”.

Святы Айцец спаслаўся на сваю энцыкліку Laudato si’, у якой пісаў, што “няма двух розных крызісаў: аднаго, звязанага з навакольным асяроддзем, а другога – з грамадствам, але існуе адзін складаны грамадска-экалагічны крызіс”.

Папа звярнуў увагу на патрэбу стварэння новых і дальнабачных эканамічных мадэляў, а таксама “пераадолення культуры “скарыстай і выкіні”, культуры адчужэння, спароджанай спажывецтвам і глабалізаванай абыякавасцю, якая перашкаджае вырашэнню гэтых чалавечых і сацыяльных праблем з пункту гледжання агульнага дабра”.

Францішак падзякаваў прадстаўнікам розных веравызнанняў за сведчанне і намаганні, накіраваныя на падтрымку экалагічнага навяртання, якое вельмі неабходна ў наш час і павінна быць “заснавана на каштоўнасцях павагі да прыроды, сціпласці, міжчалавечай салідарнасці і заклапочанасці будучыняй грамадства”.

“Важным аспектам гэтага ўкладу з’яўляецца ваша дзейнасць, як вернікаў, накіраваная на фармаванне мыслення і сэрцаў моладзі і прыняцце іх патрэбы ў змену кірунку і ў дальнабачнай палітыцы, мэтай чаго будзе ўстойлівае і цэласнае чалавечае развіццё”, - сказаў Пантыфік.
 

20 красавіка 2023, 11:33