Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

Пантыфік: метад Білінгса – інструмент адказнага бацькоўства

Францішак накіраваў пасланне ўдзельнікам Міжнароднага кангрэса "70 гадоў пасля рэвалюцыі: ад ведаў аб фертыльнасці да персаналізаванай медыцыны", які 28-29 красавіка 2023 года праходзіць у рымскім Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваім пасланні Папа выказаў жывую ўдзячнасць за гэтую ініцыятыву, якая “прыцягвае ўвагу да прыгажосці і каштоўнасці чалавечай сексуальнасці”. Ён нагадаў, што ў той час як у другой палове XX стагоддзя развіваліся фармакалагічныя даследаванні па кантролю за нараджальнасцю і распаўсюджвалася культура кантрацэпцыі, Джон і Эвэлін Білінгсы распрацавалі просты і даступны метад, заснаваны на навуковых даследаваннях, які стаў каштоўным інструментам для прыняцця адказных рашэнняў па нараджэнню дзяцей.

Метад Білінгса

У тыя гады метад Білінгса здаваўся менш надзейным і сучасным, чым фармакалагічныя інструменты. У рэальнасці ж, ён заклікаў да разважання над такімі актуальнымі і фундаментальнымі пытаннямі, як, напрыклад, каштоўнасць чалавечага цела, цэласнае бачанне чалавечай сэксуальнасці, пладавітасць любові, нават калі яна не фертыльная, культура захавання жыцця і праблема дэмаграфічнага спаду. У наш час метад Білінгса працягвае заставацца рэсурсам для разумення чалавечай сэксуальнасці, - гаворыцца ў папскім пасланні.

Сённяшні свет, у якім пераважае рэлятывісцкі і банальны погляд на чалавечую сэксуальнасць, мае патрэбу ў сур'ёзным адукацыйным падыходзе. Сэксуальнасць неабходна разглядаць у рамках антрапалагічнага і этычнага падыходу, у якім “дактрынальныя пытанні разглядаліся б без крайніх спрашчэнняў і строгіх забаронаў”. У прыватнасці, пажадана заўсёды памятаць пра непарыўную сувязь паміж аб'ядноўваючым і дзетародным сэнсамі шлюбнага акту. Першы выяўляе жаданне мужа і жонкі быць адзіным цэлым, жыць адным жыццём. Другі выказвае агульную гатоўнасць даць новае жыццё. Толькі пры наяўнасці гэтых двух сэнсаў “у сэрцах мужа і жонкі нараджаецца і ўмацоўваецца шчодрасць любові, якая дазваляе ім вітаць новае жыццё”. У адваротным жа выпадку, досвед сэксуальнасці зводзіцца да адчуванняў, якія з часам становяцца самарэферэнтнымі, губляюць сваё чалавечае вымярэнне і адказнасць. У гэтым ляжыць адна з асноўных прычын трагедыі забойстваў жанчын і насілля з боку сэксуальных партнёраў, - падкрэсліў Францішак.

Неабходнасць палавога выхавання

Фактычна, губляецца сувязь паміж сэксуальнасцю і базавым пакліканнем чалавека да самааддачы, дару самога сябе, якая знаходзіць выраз у сужэнстве і сямейнай любові. Гэтай праўдзе, хоць яна і ўпісана ў сэрца чалавека, неабходна вучыць. Касцёл і ўсе тыя, хто клапоцяцца пра дабро чалавека і грамадства, павінны рабіць канкрэтныя, творчыя, смелыя крокі ў галіне палавога выхавання. “Мова цела патрабуе цярплівага вывучэння, якое дазваляе інтэрпрэтаваць і выхоўваць свае жаданні, каб сапраўды ўзаемна даць сябе ў дар. Калі ёсць спроба даць усё і адразу, тады магчыма, што нічога не будзе дадзена. Адна рэч, разумець слабасць, якая вынікае з узросту або бязладдзя, а другая — заахвочваць моладзь да далейшай нясталасці ў любові. Але хто сёння гаворыць аб гэтым? Хто ў стане сур’ёзна ўспрымаць маладых людзей? Хто дапаможа ім грунтоўна падрыхтавацца да цудоўнай і шчодрай любові?"(Amoris laetitia, 284), - запытаў Святы Айцец.

“Пасля так званай сэксуальнай рэвалюцыі, якая зняла табу, наспела неабходнасць у новай рэвалюцыі мыслення: неабходна адкрыць прыгажосць чалавечай сэксуальнасці, пагартаць вялікую кнігу прыроды, навучыцца паважаць каштоўнасць цела і працягу жыцця, на аснове сапраўднага досведу сямейнай любові”, - лічыць Пантыфік.

Адказнае стаўленне да нараджэння дзіцяці

Яшчэ адзін аспект сэксуальнасці, не менш багаты праблемамі ў наш час, - гэта стаўленне да нараджэння. Метад Білінгса, як і іншыя падобныя метады, з'яўляецца адной з найбольш зручных формаў адказнага ажыццяўлення жадання стаць бацькамі. Сёння аддзяленне сэксуальных адносін ад іх дзетароднага патэнцыялу прывяло да пошуку альтэрнатыўных формаў нараджэння дзіцяці, якія больш не грунтуюцца на шлюбных адносінах, а выкарыстоўваюць іншыя штучныя працэсы. Добра, калі можна дапамагчы тым, хто жадае мець дзяцей, перадавымі навуковымі ведамі і тэхналогіямі, якія павышаюць фертыльнасць, аднак гэтага нельга сказаць “пра тыя выпадкі, калі ў прабірцы ствараюць і знішчаюць эмбрыёны, гандлююць гаметамі, карыстаюцца сурагатным мацярынствам”, - папярэдзіў Святы Айцец.

У аснове дэмаграфічнага крызісу, разам з сацыяльнымі і культурнымі фактарамі, ляжыць дысбаланс у поглядах на сэксуальнасць, і не выпадкова метад Білінгса з'яўляецца рэсурсам для натуральнага вырашэння праблем бясплоддзя і дапамагае парам стаць бацькамі, вызначаючы найбольш фертыльныя перыяды.

Персаналізаваная медыцына

Дапамагчы парам зрабіць больш свядомы і этычны выбар у галіне фертыльнасці – такую задачу павінны ўзяць на сябе каталіцкія універсітэты, у прыватнасці, медыцынскія і хірургічныя факультэты. Важна звяртаць увагу на асаблівасці кожнай пары і кожнага чалавека, асабліва жанчыны. “Персаналізаваны медыцына нагадвае нам пра тое, што кожны чалавек унікальны і непаўторны, і што перш чым стаць аб'ектам лячэння дысфункцый і хвароб, яму неабходна дапамагчы найлепшым чынам рэалізаваць свой патэнцыял, каб дасягнуць дабрабыту, які перш за ўсё з'яўляецца вынікам жыццёвай гармоніі”, - гаворыцца ў пасланні Папы.

Пастырская каштоўнасць натуральных метадаў зачацця

Перадача ведаў аб фертыльнасці і натуральных метадах зачацця мае таксама “вялікую пастырскую каштоўнасць, паколькі дапамагае парам лепш усвядоміць сваё сямейнае пакліканне і сведчыць аб евангельскіх каштоўнасцях чалавечай сэксуальнасці”. Дарэчы, жаночая годнасць і культура захавання жыцця – каштоўнасці, якія падзяляюць і іншыя рэлігіі, - нагадаў Францішак.

Напрыканцы паслання Папа падзякаваў удзельнікам кангрэса і заклікаў іх “з запалам і шчодрасцю працягваць іх каштоўнае служэнне на карысць Касцёла і ўсіх тых, хто развівае чалавечы аспект сэксуальнасці”.

29 красавіка 2023, 11:11