Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак: спыніць насілле ў Судане і памятаць пра бедных

На завяршэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Уладарка Неба 23 красавіка 2023 года Святы Айцец звярнуў увагу на некаторыя важныя міжнародныя і касцёльныя падзеі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“На жаль, сітуацыя ў Судане застаецца сур’ёзнай, таму я зноў заклікаю як мага хутчэй спыніць насілле і аднавіць дыялог. Я заклікаю ўсіх маліцца за нашых суданскіх братоў і сясцёр”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў таксама пра беатыфікацыю французскіх законнікаў, забітых з нянавісці да веры падчас Парыжскай камуны: Анры Планша з манаскай кангрэнацыі Вінцэнта дэ Поля, а таксама Ладыслава Радзіга і яго паплечнікаў з кангрэгацыі Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі – пастыраў, “натхнёных апостальскім запалам”, якіх “лучыла сведчанне веры аж да мучаніцтва”.

Францішак заўважыў, што 22 красавіка адзначаўся Сусветны дзень Зямлі. “Выказваю пажаданне, каб намаганні на карысць створанага свету заўсёды былі спалучаны з дзейснай салідарнасцю з самымі беднымі”, - дадаў ён.

Спасылаючыся на 90-годдзе Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане, Папа пажадаў, каб гэта “найбуйнейшая навучальная ўстанова ў Італіі адказвала на сучасныя выклікі ў духу сваіх заснавальнікаў, асабліва маладой Арміды Барэлі, абвешчанай благаслаўлёнай год таму”.
 

23 красавіка 2023, 14:50