Пошук

Папа падчас аўдыенцыі з дэлегатамі Catholic Extension Society Папа падчас аўдыенцыі з дэлегатамі Catholic Extension Society  (Vatican Media)

Францішак: дапамога бедным ідзе на карысць усяго грамадства

Божы стыль – гэта стыль блізкасці, спачування і пяшчоты, - адзначыў Папа, звяртаючыся да прадстаўнікоў таварыства Catholic Extension Society, якое дапамагае найбяднейшым дыяцэзіям ЗША.

Марыя Валодзіна – Vatican News

26 красавіка 2023 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі членаў амерыканскай дабрачыннай арганізацыі, выказаўшы ім шчырую падзяку за працу на карысць "найбольш уразлівых", у прыватнасці, за каштоўны ўклад у аднаўленне Пуэрта-Рыка пасля ўраганаў і землятрусаў, якія ў апошнія гады неаднойчы спусташалі востраў, а таксама за дапамогу “шматлікім мужчынам, жанчынам і дзецям, якія прыбываюць на паўднёвую мяжу ЗША ў пошуках лепшай будучыні”.

Францішак выказаў задавальненне ў сувязі з тым, што арганізацыя “ставіць у цэнтр пастырскай дзейнасці Касцёла ахвяр сённяшняй культуры адкідаў”, каб “быў пачуты іх голас, і ўсё грамадства атрымала з гэтага карысць”. Пантыфік заахвоціў гасцей "працягваць выяўляць Божы стыль, які ніколі не бывае далёкім або абыякавым, наадварот, гэта стыль спачування, пяшчоты і блізкасці да тых, хто знаходзіцца ў цяжкіх сітуацыях.

“Я спадзяюся, што ваша служэнне заўсёды адлюстроўвае гэтыя якасці – блізкасць, спачуванне і пяшчоту”, - сказаў Святы Айцец, падзякаваўшы дабрачынцам “за любы выраз брацкай міласэрнасці і клопату пра тых, хто мае патрэбу, таму што такім чынам выяўляецца міласэрная ласка Бога, а таксама ўмацоўваецца і абнаўляецца тканіна грамадства”.

26 красавіка 2023, 14:16