Пошук

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў пілігрымкі падзякі за беатыфікацыю Арміды Барэлі Аўдыенцыя для ўдзельнікаў пілігрымкі падзякі за беатыфікацыю Арміды Барэлі  (Vatican Media)

Пантыфік: палярызацыя і экстрэмізм маюць дэгуманізуючыя наступствы

“Сёння мы таксама маем патрэбу ў жанчынах, якія, кіруючыся верай, будуць здольнымі пакінуць след у духоўным жыцці, адукацыі і прафесійнай фармацыі”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

22 красавіка 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пілігрымкі падзякі за беатыфікацыю Арміды Барэлі – італьянскай свецкай верніцы, якая стаяла ля вытокаў Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане, першых гурткоў маладых жанчын у руху Каталіцкая акцыя і свецкага інстытута Місіянерак Валадарства Езуса. Члены гэтых структур прыбылі на сустрэчу з Папам, якая прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Святы Айцец падкрэсліў, што Арміда Барэлі, беатыфікаваная 30 красавіка 2022 года, была творчай асобай – жанчынай, якая шмат вандравала па розных рэгіёнах Італіі, ведучы дыялог і будуючы адносіны з многімі людзьмі. Яе прыклад актуальны ў наш час, калі пераважае адваротная тэндэнцыя: палярызацыя і экстрэмізм не пакідаюць прасторы для дыялогу і маюць дэгуманізуючыя наступствы, - папярэдзіў Папа.

Францішак назваў благаслаўлёную прадвесніцай жаночага лідарства ў касцёльнай і грамадскай сферах. Будучы сузаснавальніцай Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца яна паспрыяла фармацыі грамадзянскай адказнасці сотняў тысяч маладых людзей і жанчын, што прынесла плёны ў перыяд дэмакратызацыі Італіі пасля Другой сусветнай вайны.

“Сёння мы таксама маем патрэбу ў жанчынах, якія, кіруючыся верай, будуць здольнымі пакінуць след у духоўным жыцці, адукацыі і прафесійнай фармацыі”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу на апостальскі характар дзейнасці Арміды Барэлі: Пан змог учыніць вялікія справы, дзякуючы яе паслухмянасці і адкрытасці на Божую волю, якую яна выконвала з пакорай, крэатыўнасцю і кемлівасцю. Благаслаўлёная адгукнулася на прапанову Папы стварыць жаночыя гурткі Каталіцкай акцыі, цалкам прысвяціўшы сябе гэтай справе, нават нягледзячы на ўласныя абмежаванні і недасканаласці.

Барэлі заахвочвае не задавальняцца камфортным жыццём і не апраўдвацца ўласнай неадпаведнасцю высокаму пакліканню, але жыць як апосталы: несучы радасць, клапоцячыся пра людзей, будуючы братэрства на карысць больш справядлівага, інклюзіўнага і салідарнага грамадства. Яна вучыць поўнаму даверу да Пана і канкрэтнасці ў дзейнасці, - дадаў Францішак.

Звяртаючыся да прадстаўніц Місіянерак Валадарства Езуса, Папа заўважыў, што благаслаўлёная Арміда Барэлі заахвочвае прысутнічаць у свеце ў якасці кансэкраваных асоб, будуючы ў ім Божае Валадарства.

“Яна апярэдзіла час Другога Ватыканскага Сабору, даўшы пачатак стылю адзінства, у якім жанчыны і мужчыны, моладзь і дарослыя, свецкія і святары, разам супрацоўнічаюць дзеля апостальскай мэты Касцёла, усе разам будучы пратаганістамі той жа самай місіі ў сілу хросту”, - падкрэсліў Пантыфік, дадаючы, што сучасныя хрысціяне пакліканы наследаваць прыклад творчасці, апостальства і кансэкрацыі ў свеце, які дае міланская благаслаўлёная.
 

22 красавіка 2023, 12:49