Пошук

Францішак: перакладаць старажытныя каштоўнасці на сучасныя мовы

“Развіваць камунію паміж людзьмі і паміж супольнасцямі ва ўзаемадапамозе, у супрацоўніцтве, у адкрыцці на новыя шляхі ў свеце, які змяняецца ўсё хутчэй”, - заклікаў Папа ўдзельнікаў пілігрымкі Крэмскай дыяцэзіі, якіх прыняў 15 красавіка 2023 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак прызнаўся, што сустрэча з паўночнаітальянскімі вернікамі была запланавана даўно, адразу пасля беатыфікацыі айца Альфрэда Крэманэзі, ураджэнца Крэмы, місіянера і мучаніка ў Бірме, цяперашняй М'янме. Ён назваў сваіх гасцей “скарбам Касцёла”.

“Мы ўсе бедныя перад Богам і ўсе багатыя Яго бясконцай любоўю, якая ўнікальна адлюстроўваецца ў вачах кожнага, і якой мы з'яўляемся сведкамі і місіянерамі”, - заўважыў Пантыфік. Ён заахвоціў прадстаўнікоў дыяцэзіі “працягваць шлях супольнасці ва ўсіх яго аспектах з адданасцю і энтузіязмам”.

“Не бойцеся перакладаць старажытныя каштоўнасці на сучасныя мовы, каб яны дайшлі да кожнага, і каб кожны мог спазнаць і атрымаць асалоду ад іх карысці. Старайцеся заўсёды быць гасціннымі і інклюзіўнымі да тых, хто стукаецца ў вашы дзверы; асабліва клапаціцеся пра выхаванне маладых людзей, дапамагаючы ім "раскрыць" лепшае ў сабе і знайсці Божы план у сваім жыцці, робячы гэта місіяй, з запалам. Не забывайце пра старых, самых слабых, асабліва бедных і хворых. Запрашаю вас паслухаць іх, таму што ёсць чаму навучыцца ў тых, хто ведае, што такое жыццё, стомленасць і пакуты. Нарэшце, у такой багатай і прыгожай краіне, як ваша, заставайцеся ўзорам паважлівага клопату пра стварэнне, цвярозасці ў выкарыстанні яго пладоў і шчодрасці ў дзяленні імі”, - папрасіў духавенства і вернікаў Крэмскай дыяцэзіі Францішак.
 

15 красавіка 2023, 12:19