Пошук

Святы Айцец пра важнасць парафіі для евангелізацыі свету

Парафія – гэта благаслаўлёнае месца, куды чалавек прыходзіць, каб адчуць сябе любімым, - заўважыў Папа 25 сакавіка 2023 года падчас сустрэчы з вернікамі парафій італьянскага горада Ро.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Заклікаю вас ісці разам як браты і сёстры, таму што братэрства робіць людзей больш свабоднымі і шчаслівымі. (...) Вось чаму парафія важная: таму што гэта месца, дзе, ідучы за Езусам, мы сустракаемся, пазнаём адно аднаго, узбагачаем адно аднаго, людзі розных пакаленняў і розных культурных і сацыяльных умоў, усе з чымсьці ўнікальным, каб даваць і атрымліваць. Давайце паглядзім на нашы гарады, што адбываецца з імі, калі мы забываемся пра гэта: гарызонт звужаецца, і мы ўсе становімся больш самотнымі”, - звярнуўся Францішак да італьянскіх вернікаў.

Святы Айцец заклікаў іх “сеяць любоў” праз канкрэтную дзейнасць, у тым ліку праз “увагу да бедных і найменшых, да старых і адзінокіх, заручаных і маладых сем’яў, праз творчасць музычных гуртоў і спартыўныя мерапрыемствы.

“Тыя, хто стукаецца ў дзверы нашых касцёлаў і нашых асяродкаў, часта шукаюць у першую чаргу гасціннай усмешкі, адкрытых рук і далоняў, вачэй, якія прагнуць сустрэчы і поўныя любові”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Сваю сустрэчу Францішак завяршыў просьбай да старэйшых і дарослых парафіян, перадаць маладым сведчанне, якое яны ў сваю чаргу атрымалі ад папярэдніх пакаленняў.
 

25 сакавіка 2023, 11:50