Пошук

8 marzo: Giornata Internazionale della Donna 2023

Папа напісаў прадмову да кнігі пра жаночае лідарства

Немагчыма пабудаваць лепшы, справядлівы, інклюзіўны і ўстойлівы свет без удзелу жанчын, - гаворыцца ў прадмове Францішка да кнігі "Больш жаночага лідарства дзеля лепшага свету", апублікаванай 8 сакавіка 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Гэтая кніга пра жанчын, іх таленты, здольнасці і навыкі, а таксама пра няроўнасць, насілле і забабоны, з якімі працягваюць сутыкацца жанчыны ва ўсім свеце”, - напісаў у прадмове Пантыфік, які лічыць праблемы жанчын “асабліва важнымі”. “Я кажу пра іх у многіх сваіх прамовах, падкрэсліваючы, як шмат яшчэ трэба зрабіць для поўнай рэалізацыі правоў і магчымасцяў жанчын.”

На думку Святога Айца, жанчына нясе гармонію, у якой мы “востра маем патрэбу”, каб змагацца з несправядлівасцю і сляпой прагнасцю, якая наносіць шкоду людзям і навакольнаму асяроддзю, а таксама з несправядлівай і непрымальнай вайной. Немагчыма пабудаваць лепшы, больш справядлівы, інклюзіўны і ўстойлівы свет без удзелу жанчын. Касцёл таксама можа толькі выгадаць ад больш актыўнай ролі жанчын, - перакананы Пантыфік.

“Мысленне жанчын адрозніваецца ад мужчынскага, яны больш уважлівыя да навакольнага асяроддзя, іх позірк звернуты не ў мінулае, а ў будучыню”, - лічыць Папа, дадаючы, што жанчыны ў пакутах даюць жыццё, таму “яны заўсёды жадаюць міру”.

Жанчыны ўмеюць быць моцнымі і пяшчотнымі, яны кваліфікаваныя, добра падрыхтаваныя, умеюць натхняць новыя пакаленні, не толькі сваіх дзяцей. “Яны павінны мець магчымасць праяўляць свае навыкі ва ўсіх сферах, не толькі ў сям'і, і атрымліваць роўнае з мужчынамі ўзнагароджанне за рэалізацыю аднолькавых роляў, абавязкаў і адказнасці”, - гаворыцца ў прадмове.

Няроўнасць і забабоны ляжаць у аснове насілля ў адносінах да жанчын, - нагадаў Папа, які неаднаразова асуджаў гэту з'яву, называючы яе “адкрытай ранай, выкліканай патрыярхальнай культурай прыгнёту і мачызма”. “Трэба знайсці лекі ад гэтай чумы, нельга пакідаць жанчын адных”, - напісаў Святы Айцец.

На думку Папы, роўнасць павінна быць дасягнута “у разнастайнасці”. Гэта такая роўнасць, пры якой поле адкрыта для ўсіх гульцоў, без адрознення полу. Гэта тое, што эканамісты называюць эфектыўнай разнастайнасцю. “Прыемна думаць пра свет, у якім усе жывуць у гармоніі, атрымліваюць прызнанне сваіх талентаў і ўносяць кожны свой уклад у паляпшэнне свету”, - адзначыў Францішак.

“Здольнасць клапаціцца, напрыклад, несумненна з'яўляецца жаночай рысай, якая павінна паспяхова праяўляцца не толькі ў сям'і, але і ў палітыцы, бізнесе, акадэмічных колах і на працоўным месцы, - лічыць Пантыфік. - Мужчыны таксама могуць развіваць гэтую здольнасць, выхоўваючы дзяцей. Выдатная тая сям'я, у якой абодва бацькі, маці і бацька, разам клапоцяцца пра дзяцей, дапамагаюць ім расці здаровымі і выхоўваюць у іх павагу да людзей і рэчаў, дабрыню, міласэрнасць, любоў да прыроды”.

Папа таксама згадаў пра важную ролю адукацыі жанчын і дзяўчынак. Ён выказаў занепакоенасць у сувязі з тым, што “сёння каля 130 млн дзяўчынак у свеце не ходзяць у школу”. “Без адукацыі няма свабоды, справядлівасці, усебаковага развіцця, дэмакратыі і міру”, - напісаў Папа.

Кніга "Больш жаночага лідарства дзеля лепшага свету" (More Women's Leadership for a Better World) пад рэдакцыяй Ганны Марыі Таранталы стала вынікам сумеснага даследавання фонду Centesimus Annus Pro Pontifice і Стратэгічнага альянсу каталіцкіх універсітэтаў (SACRU). У ім удзельнічалі 15 навукоўцаў з 10 універсітэтаў у 8 краінах свету.

08 сакавіка 2023, 11:12