Пошук

Папа падчас аўдыенцыі з супрацоўнікамі рэдакцыі тэлеперадачы A Sua Immagine Папа падчас аўдыенцыі з супрацоўнікамі рэдакцыі тэлеперадачы A Sua Immagine  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа: нам патрэбна глабалізацыя салідарнасці

Сёння назіраецца глабалізацыя абыякавасці, у той час як нам патрэбна салідарнасць, і вы сваёй канкрэтнай працай можаце ўнесці ў яе вялікі ўнёсак, - звярнуўся Папа да супрацоўнікаў рэдакцыі італьянскай тэлевізійнай перадачы A Sua Immagine (На Свой вобраз), якіх прыняў 4 сакавіка 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Я часта гляджу вашу перадачу, якая ўзнікла ў выніку супрацоўніцтва італьянскага тэлебачання (RAI) і Канферэнцыі Біскупаў Італіі”, - падзяліўся Францішак, адзначыўшы, што нядзельная трансляцыя тэлеперадачы часткова супадае з яго малітвай Анёл Панскі на плошчы святога Пятра.

Пантыфік пахваліў рэдакцыю за выбар назвы праграмы, якая з'явілася 26 гадоў таму. Словы на Свой вобраз адсылаюць нас да біблейскай Кнігі Быцця, дзе гаворыцца пра тое, што Бог стварыў чалавека на Свой вобраз і падабенства (Быц 1,26). “Мы створаны на вобраз Божы”, - нагадаў Папа, дадаючы, што “мы не павінны прывыкаць да гэтага выразу, ён павінен працягваць здзіўляць нас”. На жаль, у наш час “многія людзі губляюць усведамленне таго, што яны дзеці Божыя, створаныя на Яго вобраз”, - адзначыў Святы Айцец. - Трэба ажывіць у іх гэтае ўсведамленне. Таму што менавіта ў гэтым вобразе ляжыць крыніца і аснова чалавечай годнасці, разуменне таго, што ўсе мы браты, таму што “дзеці адзінага Айца, любімыя Ім і створаныя на Яго вобраз”.

Францішак нагадаў, што праграма A Sua Immagine распавядае гісторыі мужчын і жанчын нашага часу. Яна дае голас слабым і тым, хто пакутуе, “распавядае пра тых, хто жыве з Евангеллем на геаграфічных і экзістэнцыяльных ускраінах Італіі і свету”. Перадача пралівае святло на сітуацыі, які часта не трапляюць у поле радараў грамадскай думкі, нагадвае пра моладзь, здольную жыць дзеля іншых, а таксама паказвае драмы чалавецтва, якія тым не менш дазваляюць нам не губляць надзею, таму што дэманструюць прыгажосць Евангелля.

Папа заклікаў рэдакцыю працягваць крочыць па гэтым шляху: “Нам патрэбна глабалізацыя салідарнасці, а не абыякавасці. І вы сваёй канкрэтнай працай можаце ўнесці вялікі ўнёсак”. Пантыфік падзякаваў супрацоўнікам тэлеперадачы за тое, што яны дапамагаюць распаўсюджваць заклікі, з якімі ён звяртаецца да братоў і сясцёр падчас нядзельных малітваў Анёл Панскі і Уладарка Неба. Такім чынам, на думку Францішка, яны дапамагаюць гледачам “не забываць пра тых, хто ў бядзе, быць блізкімі да іх у малітве, канкрэтнай дапамозе і штодзённых абавязках”.

04 сакавіка 2023, 12:59