Пошук

Папа падчас аўдыенцыі з членамі кангрэгацыі святога Юзафа Папа падчас аўдыенцыі з членамі кангрэгацыі святога Юзафа   (ANSA)

Папа нагадаў законнікам пра патрэбы часу, любоў і міласэрнасць

Святы мае дальнабачны погляд, робіць жыццё больш чалавечным, усяляе надзею і давер, і ведае як сведчыць пра тое, што Бог ёсць любоў, - з такім запрашэннем да святасці звярнуўся Францішак да членаў кангрэгацыі святога Юзафа 17 сакавіка 2023 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Супольнасць, якая сёлета адзначае 150-годдзе, была заснавана ў 1873 годзе ў Турыне святым Леанарда Мурыяльда для апекі і навучання, перш за ўсё, маладых рабочых. Гэта быў цяжкі час, пазначаны “маральнай, культурнай і эканамічнай беднасцю”, якая не пакінула яго абыякавым, - нагадаў Папа.

Па словах Пантыфіка, за мінулыя паўтара стагоддзя манаская супольнасць “узбагацілася людзьмі, справамі, разнастайным культурным досведам і, перш за ўсё, любоўю”. Кангрэгацыя налічвае каля 500 законнікаў, акрамя таго, да яе адносяцца сёстры святога Юзафа, свецкі інстытут і шматлікія свецкія, аб'яднаныя ў адну сям'ю.

Святы Айцец нагадаў, што ў 2022 годзе скіраваў віншаванне з юбілеем да генеральнага настаяцеля кангрэгацыі, пажадаўшы ёй далейшага росту ў “мастацтве распазнання патрабаванняў часу і крэатыўнасці Святога Духа”. Святы Дух вядзе нас наперад, ад нас толькі патрабуецца распазнаванне і вернасць, - адзначыў Францішак. Ён заклікаў кангрэгацыю з асаблівым клопатам ставіцца да моладзі, якая, “як ніколі раней патрабуе пераканаўчых сведкаў”.

Пантыфік звярнуў увагу гасцей на тры аспекты, якія здаюцца яму важнымі для іх жыцця і служэння: першынства Божай любові, увага да зменлівага міру і бацькоўская слодыч міласэрнасці.

Папа нагадаў, што досвед Божай любові глыбока закрануў жыццё святога Леанарда Мурыяльда, які пакінуў такое пісьмовае сведчанне: “Бог любіць мяне. Якая радасць! Ён ніколі не забывае пра мяне, заўсёды ідзе за мной і вядзе мяне!” Заснавальнік кангрэгацыі заклікаў сваіх субратаў дазволіць Богу любіць іх. Гэты заклік, на думку Папы, тычыцца і сучасных членаў кангрэгацыі. Яны павінны дазволіць Богу любіць іх, “каб быць пераканаўчымі сведкамі Яго любові, каб Яго любоў усё больш і больш накіроўвала іх прыхільнасці, думкі і справы”.

На думку Папы, святы Леанарда Мурыяльда быў, безумоўна, глыбокім містыкам, аднак, дзякуючы менавіта гэтаму, ён быў вельмі ўважлівым да патрэбаў мужчын і жанчын свайго часу, “праніклівым назіральнікам і адважным прарокам”. Ён добра ведаў сур'ёзныя праблемы свайго часу і без ваганняў вырашаў іх. Напрыклад, “вучыў маладых рабочых планаваць сваю будучыню, дамагацца таго, каб іх галасы былі пачуты, дапамагаць адзін аднаму”. Акрамя таго, ён змог “зразумець каштоўную ролю свецкіх у жыцці і апостальстве народа Божага”. У другой палове XIX стагоддзя, за стагоддзе да Другога Ватыканскага Cабора, ён казаў аб тым, што “свецкі чалавек з любога класа можа не менш, чым святар, быць апосталам, а ў некаторых колах нават больш, чым святар”. Папа назваў яго чалавекам адважным, разумным і адкрытым, і заклікаў членаў кангрэгацыі развіваць у сабе такі ж запал і такую ж мужнасць.

Гаворачы аб трэцім важным аспекце харызмы, бацькоўскай слодычы міласэрнасці, Папа заклікаў законнікаў праяўляць яе ў адносінах да ўсіх. Святы Леанарда Мурыяльда казаў: Як чалавек без веры не падабаецца Богу, так чалавек без міласэрнасці не падабаецца бліжняму. На думку Папы, гэтыя словы з'яўляюцца простай і магутнай праграмай жыцця і служэння законнікаў.

Напрыканцы прамовы Францішак сардэчна падзякаваў членам кангрэгацыі за ўсё, што яны робяць для Касцёла, і папрасіў іх “не забываць маліцца аб ім”.

17 сакавіка 2023, 12:09