Пошук

Папскае пасланне: архітэктура храмаў павінна адпавядаць літургіі Папскае пасланне: архітэктура храмаў павінна адпавядаць літургіі 

Пантыфік: архітэктурны дызайн храмаў павінен выцякаць з літургіі

Чэрпаць натхненне ў касцёльнай літургіі пры распрацоўцы архітэктурных праектаў святынь, заклікаў Францішак у сваім пасланні да ўдзельнікаў 26-й адкрытай сесіі Папскіх акадэмій.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Тэмай чарговага адкрытага пасяджэння Папскіх акадэмій, якое прайшло 14 сакавіка 2023 года ў Рыме, стала роля сакральнай архітэктуры. У сваім пасланні Папа адзначыў фундаментальнае значэнне асяроддзя, у якім праходзіць літургія і малітва: гэта прастора, святло, акустыка, колеры, выявы, сімвалы, літургічныя начынні.

Пантыфік нагадаў удзельнікам сесіі пра свой апостальскі ліст Desiderio desideravi, прысвечаны літургічнай падрыхтоўцы народа Божага. Сакральная архітэктура, па словах Францішка, павінна імкнуцца зноў адкрыць "сімвалічную мову і ўмець яе інтэрпрэтаваць". "Страта здольнасці разумець сімвалічную каштоўнасць цела і кожнага тварэння робіць сімвалічную мову Літургіі амаль недаступнай для менталітэту сучаснага чалавека, - сказаў Папа, цытуючы свой апостальскі ліст. - І ўсё ж не можа быць і гаворкі аб адмове ад такой мовы. Ад яе нельга адмовіцца, таму што менавіта такім чынам Святая Тройца вырашыла дасягнуць нас, увасобіўшы Слова. Гэта хутчэй пытанне аднаўлення здольнасці выкарыстоўваць і разумець сімвалы Літургіі".

Мастацкая і архітэктурная творчасць, дадаў Папа, павінна чэрпаць натхненне ў літургічным жыцці Касцёла і ў дзеянні Святога Духа, а не грунтавацца на чалавечых перавагах. На думку Святога Айца, літургія і сакральнае мастацтва павінны быць вольныя ад "суб'ектывізму" і "культуралізму".

Францішак павіншаваў лаўрэатаў прэміі Папскіх акадэмій і падзякаваў ім за ўнёсак у сакральную архітэктуру.

Залаты медаль быў прысуджаны студыі OPPS Architettura з Фларэнцыі за рэканструкцыю капліцы святых Францішка Асізскага і Кацярыны Сіенскай у Рыме.

Сярэбраны медаль атрымала архітэктар Федэрыка Фрына за праект новага касцёла святога Тамаша ў італьянскім горадзе Пантэдэра.

Гэтыя прэміі былі прысуджаны лаўрэатам за "дызайн, абсталяванне, літургічную адаптацыю, рэканструкцыю і паўторнае выкарыстанне памяшканняў, прызначаных для набажэнстваў, з улікам новых патрабаванняў і сучаснай архітэктурнай мовы".

На заканчэнне прамовы Францішак падзякаваў Папскім акадэміям за "плённыя намаганні ў сферах іх даследаванняў і служэння", а таксама даверыў іх матчынаму клопату Панны Марыі, "святыні і каўчэгу Новага Запавету".

15 сакавіка 2023, 10:29