Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: сапраўдная любоў не стварае адкідаў

Любіць – значыць прымаць чалавека такім, якім ён ёсць, - нагадаў Папа ў пасланні ўдзельнікам семінара на тэму: “Сіблінгі: сёстры і браты з інваліднасцю і ментальнымі захворваннямі”, якая 18 лютага 2023 года прайшла ў Рыме.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што інваліднасць асаблівым чынам уплывае на жыццё ў хатнім асяроддзі, у сям’і. Тыя, у каго ёсць брат ці сястра з абмежаванымі магчымасцямі, на думку Францішка, становяцца падобнымі да Сымона Кірэнэйца, якога прымусілі несці крыж Езуса на працягу доўгага шляху да Кальварыі. Здаровыя браты і сёстры таксама становяцца “кірэнэйцамі”, які дапамагаюць несці крыж інваліднасці блізкаму чалавеку, “у якім схаваны Езус”.

Святы Айцец нагадаў, што Пан ахвотна падзяляе нашы праблемы і “любіць нас такімі, якія мы ёсць, з нашымі талентамі, слабасцямі і інваліднасцю”. “Гэта і ёсць любоў: жаданне, каб іншы быў такім, якім ён ёсць на самой справе, а не такім, якім павінен быць паводле нашых занадта ўдакладненых стандартаў. Сапраўдная любоў не стварае адкідаў”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што інваліднасць у сям’і – гэта цяжкая, драматычная сітуацыя для блізкіх людзей. Менавіта таму яна павінна быць у цэнтры ўвагі навуковых сустрэч з удзелам спецыялістаў у розных сферах, уключаючы сведчанні братоў і сясцёр людзей з абмежаванымі магчымасцямі, - напісаў Папа, выказваючы надзею на тое, што рымская канферэнцыя стане зернем, якое прынясе шмат плёнаў.
 

19 лютага 2023, 13:46