Пошук

Аўдыенцыя для прадстаўнікоў карэнных народаў Аўдыенцыя для прадстаўнікоў карэнных народаў  (Vatican Media)

Святы Айцец: карэнныя народы вучаць клопату пра планету

Пра каштоўнасць досведу карэнных народаў нагадаў Папа 10 лютага 2023 года падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў VI Сусветнага сходу Форума карэнных народаў, арганізаванага Міжнародным фондам сельскагаспадарчага развіцця.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Ігнараванне ладу жыцця карэнных народаў, калі гаворка ідзе пра абарону зямлі, на думку Святога Айца, гэта сур’ёзная памылка і несправядлівасць, якая перашкаджае пошуку глабальных рашэнняў сучаснага грамадска-экалагічнага крызіса.

Можна многаму навучыцца ад іх традыцый і культуры, а ў першую чаргу ад адносін да навакольнага асяроддзя, а “належная ацэнка іх культурнай спадчыны і тэхналогій продкаў дапаможа паўстаць на шлях больш дасканалага экалагічнага кіравання”, - перакананы Пантыфік.

“Мы павінны больш прыслухоўвацца да карэнных народаў і вучыцца на іх ладзе жыцця, каб добра разумець, што мы не можам працягваць прагна пажыраць прыродныя рэсурсы, таму што зямля была даверана нам, каб быць для нас маці, здольнай даць тое, што неабходна кожнаму з нас для жыцця”, - сцвердзіў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што, “на жаль, мы перажываем беспрэцэдэнтны грамадскі і экалагічны крызіс. “Калі мы па-сапраўднаму хочам паклапаціцца пра наш супольны дом і палепшыць планету, на якой жывём, тады вельмі важна глыбока змяніць лад жыцця, самыя асноўныя мадэлі вытворчасці і спажывання”, - дадаў Пантыфік.

Папа заклікаў да шырокага дыялогу адносна будучыні планеты, а таксама да супольных дзеянняў, бо экалагічны выклік, які перажываем, і яго чалавечыя карані, аказваюць уплыў на кожнага з нас. “Уплыў не толькі фізічны, але таксама псіхалагічны і культурны”, - сказаў ён.

У сувязі з гэтым Францішак заахвоціў урады краін свету “прызнаць карэнныя народы ва ўсім свеце разам з іх культурамі, мовамі, традыцыямі і духоўнасцю, а таксама паважаць іх годнасць і правы, усведамляючы, што багацце нашай вялікай чалавечай сям’і заключаецца менавіта ў разнастайнасці”.
 

10 лютага 2023, 13:32