Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: адукаваная моладзь – галоўнае багацце Конга

Дзелячыся з журналістамі ўражаннямі ад падарожжа ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга, Папа адзначыў, што ўбачыў у гэтай краіне “жаданне рухацца наперад і вялікую культуру”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла на борце самалёта, на заканчэнне афрыканскай пілігрымкі, Святы Айцец назваў адным з каштоўнейшых багаццяў канлагезцаў адукаваную моладзь, заклікаючы не зачыняць перад ёй дзверы.

Францішак згадаў таксама пра вялікія прыродныя багацці Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, якія, на жаль, прыцягваюць тых, хто хоча эксплуатаваць гэту краіну. “Мы павінны пазбавіцца ад думкі, што Афрыка прызначана для эксплуатацыі”, - сказаў ён, называючы балючай сітуацыю на ўсходзе краіны, дзе шмат людзей становяцца ахвярамі гвалту, справакаванага, у тым ліку, барацьбой за прыродныя рэсурсы.

Гаворачы пра высокі ўзровень насілля ў Афрыцы, Пантыфік звярнуў увагу на праблему гандлю зброяй, назваўшы гэту з’яву “самай вялікай пошасцю ў свеце”. Францішак згадаў пра сеянне канфліктаў і раздачу зброі бедным людзям, з далейшым іх уцягненнем ва ўзброенае супрацьстаянне, за чым стаяць вялікія эканамічныя інтарэсы, імкненне авалодаць зямлёй з каштоўным выкапнямі.

Вырашэнню праблем на афрыканскім кантыненце, на думку Папы, перашкаджае таксама трайбалізм: трываюць войны паміж плямёнамі, якія падтрымліваюцца праз продаж зброі, і выкарыстоўваюцца ў сваіх інтарэсах трэцімі бакамі. Святы Айцец назваў такую дзейнасць д’ябальскай, нагадваючы, што яна вядзе да знішчэння стварэння, людзей і грамадства. Ён са шкадаваннем згадаў таксама пра ўцягненне дзяцей у вайсковыя фармаванні і іх выкарыстанне ва ўзброеных канфліктах.
 

06 лютага 2023, 09:25