Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік католікам Бразіліі: выкараніце бедства голаду з вашай зямлі

Дапамагаючы тым, хто пакутуе ад голаду, мы дапамагаем Хрысту, прысутнаму ў братах і сёстрах у нястачы, - нагадаў Папа ў пасланні з нагоды штогадовай велікапоснай Кампаніі Братэрства, якая праводзіцца епіскапатам Бразіліі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Указанне, якое Езус даў сваім вучням: “Вы дайце ім есці” (Мц 14,16), скіравана да ўсіх нас, каб маглі дзяліцца малым і вялікім з нашымі братамі, асабліва з тымі, хто церпіць ад голаду, - падкрэсліў Францішак у сваім лісце да бразільскіх вернікаў, які быў абнародаваны 22 лютага 2023 года.

Пантыфік заклікаў ісці шляхам сапраўднага і шчырага навяртання, скіроўваючы сваё жыццё да Бога. “З намерам натхніць верны народ на гэтым шляху да Пана, сёлетняя Кампанія Братэрства прапануе скіраваць позірк на нашых найбольш патрабуючых братоў, якія церпяць ад бедства голаду”, - зазначыў Святы Айцец, дадаючы, што дзелячыся ежай з галодным, мы клапоцімся пра самаго Езуса, які атаясамлівае сябе з беднымі і галоднымі.

Папа нагадаў, што нягледзячы на смерць ад голаду мільёнаў людзей у свеце, сёння выкідаюцца тоны прадуктаў харчавання. Ён назваў голад злачынствам, а доступ да ежы – неад’емным правам чалавека.

Францішак заклікаў католікаў Бразіліі паразважаць над тэмай голаду на працягу Вялікага посту, і пажадаў, каб плёнам гэтай рэфлексіі сталі канкрэтныя доўгатрывалыя сумесныя ініцыятывы дапамогі на парафіяльным, дыяцэзіяльным, федэральным, дзяржаўнымі і муніцыпальным узроўнях з мэтай выкаранення голаду на бразільскай зямлі.

23 лютага 2023, 09:00