Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа кансэкраваным асобам: усе харызматы – для місіі Касцёла

“Я хацеў бы абняць у гэты момант усіх кансэкраваных братоў і сясцёр ва ўсім свеце”, - прызнаўся Папа ў пасланні з нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця, які праходзіць у Касцёле пад дэвізам “Браты і сёстры для місіі”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У лісце, абнародаваным 2 лютага 2023 года, Францішак зазначыў, што ў гэты Дзень знаходзіцца на місіі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, у сувязі з чым падзякаваў кансэкраваным асобам за малітву і запэўніў у малітве са свайго боку.

Святы Айцец нагадаў, што Касцёл знаходзіцца на місіі з першага дня, будучы пасланым Уваскрослым Панам і ўмацоўваючыся сілай Яго Духа. “А сярод Божага народа, пасланага несці Евангелле ўсім людзям, вы, кансэкраваныя асобы, маеце асаблівую ролю, якая вынікае з асаблівага дару, які вы атрымалі: дару, які надае вашаму сведчанню асаблівы характар і каштоўнасць, ужо самім фактам таго, што вы цалкам прысвечаны Богу і Яго Валадарству ў беднасці, чыстасці і паслухмянасці”, - напісаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што місія кансэкраваных асоб узбагачаецца харызматамі іх інстытутаў і таварыстваў, харызматамі іх заснавальнікаў. “У сваёй надзвычайнай разнастайнасці ўсе яны дадзены для будавання Касцёла і для яго місіі. Усе харызматы прызначаны для місіі, і з’яўляюцца менавіта такімі з незлічоным багаццем іх разнастайнасці; каб Касцёл мог сведчыць і абвяшчаць Евангелле ўсім і ў любой сітуацыі”, - дадаў ён.

“Сёння мы адзначаем свята Сустрэчы: няхай Панна Марыя выпрасіць для нас ласку, каб наша жыццё кансэкраваных асобаў заўсёды было святам сустрэчы з Хрыстом; і такім чынам, як і Яна, мы зможам несці ўсім святло Яго любові: Яго святло, а не наша! Нясіце Яго, а не сябе!”, - заклікаў Святы Айцец, выказваючы падзяку кансэкраваным асобам за іх служэнне і давяраючы іх апецы Багародзіцы.
 

02 лютага 2023, 18:44