Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©khanchit - stock.adobe.com)

Папа: Божае слова дапамагае людзям у суровых абставінах

Пераслед быў нагодай для распаўсюджвання Божага слова, і ніколі для яго забыцця, - нагадаў Папа падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Аб’яднаных біблійных таварыстваў, якую 16 лютага 2023 года прыняў у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік спаслаўся на кнігу Дзеяў Апосталаў, нагадваючы, што пасля Пяцідзясятніцы, дзякуючы сіле і кіраўніцтву Святога Духа, “апосталы распаўсюджвалі керыгму, тлумачылі значэнне Святога Пісання ў святле таямніцы Езуса Хрыста і перасцерагалі ад тых, хто выкарыстоўваў яго з дрэннымі намерамі або ў вузкіх інтарэсах”.

“Перыпетыі Касцёла, які нараджаўся, падобныя да тых, што адбываюцца ў наш час. Слова абвяшчаецца, слухаецца і перажываецца ў спрыяльных і неспрыяльных абставінах, рознымі спосабамі і ў розных формах, сутыкаючыся з сур’ёзнымі цяжкасцямі і пераследам, у свеце, часта глухім да голасу Бога”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што “Касцёл, які нараджаўся, жыў Божым словам, абвяшчаў яго і, падвергнуты пераследу, уцякаў разам з ім, як з адзіным багажом”. “Такім чынам, пераслед быў нагодай для распаўсюджвання Божага слова, і ніколі для яго забыцця”, - дадаў Папа, нагадваючы пра тое, як прапаведванне і аздараўленне хворых Філіпам станавілася крыніцай вялікай радасці для людзей.

“Я думаю пра мноства хрысціян, якія ў наш час вымушаныя бегчы са сваёй зямлі. Мужчыны і жанчыны, як першыя вернікі, уцякаюць, несучы з сабой атрыманае Божае слова. Яны захоўваюць сваю веру як скарб, які надае сэнс суровым, часам жудасным абставінам, з якімі сутыкаюцца: прымаючы крыж Хрыста, яны ўшаноўваюць Божае слова, якое “трывае навекі”, - сказаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што “бег” Божага слова па свеце працягваецца і сёння, у тым ліку дзякуючы дзейнасці Аб’яднаных біблійных таварыстваў. “Распаўсюджванне Бібліі праз выданне тэкстаў на розных мовах і іх распаўсюд на розных кантынентах з’яўляецца працай, вартай пахвалы. Дадзеныя, якія вы публікуеце, важныя; і я рады ведаць, што гэтая задача Біблійных таварыстваў выконваецца ўсё больш і больш у супрацоўніцтве з шматлікімі католікамі ў многіх краінах”, - прызнаўся Папа.

“Я прашу Святога Духа, каб заўсёды кіраваў вашым служэннем і падтрымліваў яго. Ён здольны паказаць Божыя глыбіні такім чынам, што тыя, хто набліжаецца да святога тэксту, дасягаюць “паслухмянасці веры”, сустрэчы з Богам праз Езуса Хрыста”, - сказаў Францішак, выказваючы падзяку сваім гасцям за іх дзейнасць.
 

16 лютага 2023, 11:10