Пошук

Папа: Вялікі пост – пераход ад рабства эгаізму да свабоды любові

“Давайце рэалізаваць заклік рабіць дабро кожнаму, знаходзячы час, каб любіць найменшых і безабаронных, пакінутых і пагарджаных, тых, хто падвяргаецца дыскрымінацыі і маргіналізацыі”, - заклікаў Пантыфік.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

24 лютага 2023 года Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі каталіцкай дабрачыннай арганізацыі Pro Petri Sede.

“Вы і сёння з’яўляецеся сведкамі шчодрасці і міласэрнасці, што ажыўлялі сэрцы вашых папярэднікаў, якія не баяліся аддаць сваё жыццё дзеля любові да Касцёла. Сёння заклік ахвяраваць сябе з любові да нашых братоў і сясцёр не менш актуальны: многія з іх пакутуюць ад вайны, насілля, выключэння, матэрыяльнай і духоўнай галечы. І важна, што ваша пілігрымка супадае з пачаткам Вялікага посту, спрыяльнага часу, які заклікае нас да навяртання, каб перайсці ад рабства эгаізму да свабоды любові і служэння Богу і нашым братам і сёстрам”, - звярнуўся Папа.

Святы Айцец выказаў дабрачынцам “удзячнасць за верную падтрымку яго служэння як Наступніка Пятра”.

Асацыяцыя Pro Petri Sede дзейнічае ў Бельгіі, Нідэрландах і Люксембургу. Яе галоўная мэта – падтрымка ініцыятыў і намаганняў Святога Айца. Па даўняй традыцыі, штогадова яе чальцы здзяйсняюць пілігрымку да магілы святога Пятра. Іх рэгулярна прымае на аўдыенцыі Пантыфік.
 

24 лютага 2023, 13:38