Пошук

Пантыфік у ДРК: як займацца дабрачыннасцю?

Трэба дапамагаць бедным, калі свет адмаўляецца ад іх, прымаць бедных, пакуль свет іх эксплуатуе, - звярнуўся Папа 1 лютага 2023 года падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дабрачынных арганізацый, прысутных у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак нагадаў пра абавязкі тых, хто кіруе дзяржавай. “Сродкі, рэсурсы і добрыя вынікі прызначаны для бедных, і адказныя за гэта заўсёды пакліканы памятаць, што ўлада – гэта служэнне і што дабрачыннасць не вядзе да спачывання на лаўрах, але патрабуе тэрміновасці і канкрэтнасці.

Пантыфік звярнуў увагу на праблему, якая, на яго думку, стаіць сёння вельмі востра: беднасць выклікана не столькі адсутнасцю дабротаў і магчымасцей, колькі іх няроўным размеркаваннем.

“Як займацца дабрачыннасцю, якімі крытэрыямі кіравацца? Яна, перш за ўсё, патрабуе ўзору: насамрэч, гэта не тое, што вы робіце, але гэта выраз таго, што вы ёсць. Гэта стыль жыцця, гэта жыццё Евангеллем. Такім чынам, неабходны аўтарытэт і празрыстасць: я маю на ўвазе фінансавае і адміністрацыйнае кіраванне праектамі, але таксама абавязацельства прапаноўваць адэкватныя і кваліфікаваныя паслугі”, - звярнуўся Папа да прадстаўнікоў дабрачынных структур.

Ён адзначыў вострую неабходнасць ва ўменні прадбачыць, глядзець наперад. Вельмі важна, на думку Францішка, каб дабрачынныя ініцыятывы “не толькі адпавядалі надзённым патрэбам, але і былі ўстойлівымі і доўгатэрміновымі”. “Замест таго, каб распаўсюджваць тавары, якія заўсёды будуць патрэбныя, лепш перадаваць веды і інструменты, якія робяць развіццё аўтаномным і ўстойлівым”, - перакананы ён.

Яшчэ адзін неабходны элемент сферы дабрачыннасці – сувязь. Святы Айцец заклікаў гасцей апостальскай нунцыятуры ў Кіншасе “супрацоўнічаць у сетцы: працаваць усё больш і больш разам, знаходзячыся ў пастаянным сугуччы адно з адным, у еднасці з мясцовымі Касцёламі і з тэрыторыяй”.

Сеткавая сувязь, паводле пераканання Францішка, дазваляе кожнаму рэалізаваць сваю харызму ў супрацоўніцтве, у тым ліку з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі, іншымі рэлігіямі і гуманітарнымі арганізацыямі, падзяляючы неадкладныя задачы, прыярытэты, патрэбы, дапамагае рабіць гэта без замкнёнасці і пачуцця самадастатковасці.
 

01 лютага 2023, 19:34