Пошук

Пантыфік да лідараў Паўднёвага Судана: даволі кровапраліцця

“Даволі кровапраліцця, канфліктаў, гвалту і ўзаемных абвінавачванняў. Даволі разбурэнняў, прыйшоў час будаваць!” - заклікаў Францішак улады і грамадства Паўднёвага Судана.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Падчас сустрэчы з уладамі, грамадзянскай супольнасцю і дыпламатычным корпусам, якая прайшла 3 лютага 2023 года ў Прэзідэнцкім палацы ў Джубе, Папа адзначыў, што прыбыў як пілігрым прымірэння ў “маладую і дарагую яму краіну”, якая займае асаблівае месца ў яго сэрцы. У адказ на просьбу народа, які пакутуе ад гвалту, галечы і стыхійных бедстваў, Францішак выправіўся ў экуменічную пілігрымку міру разам з Прымасам Англіканскай Царквы, Архіепіскапам Кентерберыйскім Джасцінам Уэлбі, і мадэратарам Царквы Шатландыі Іэнам Грыншылдсам. Пантыфік выказаў спадзяванне на тое, што цярпенне і ахвяры "маладога, сціплага і мужнага народа" Паўднёвага Судана не будуць марнымі, але на падабенства насенню, пасеянаму ў глебу, дазволяць міру расквітнець і прынесці плён.

Краіне патрэбныя бацькі, а не ўладары

Папа ўзгадаў вялікую раку Ніл, якая цячэ праз краіну, робячы яе "зямлёй вялікага багацця". На працягу стагоддзяў даследчыкі адпраўляліся ў гэты рэгіён у пошуках яе вытокаў. Сёння гэтая зямля мае патрэбу ў свежых і жыватворных крыніцах, якімі з'яўляюцца яе лідары.

“Вы пакліканы абнавіць жыццё грамадства як чыстыя крыніцы росквіту і міру, гэтак неабходныя сынам і дочкам Паўднёвага Судана. Ім патрэбныя бацькі, а не ўладары. Ім патрэбныя ўстойлівыя крокі да развіцця, а не пастаянны крах”, - звярнуўся Святы Айцец да ўладаў краіны, дадаўшы, што яны ўвойдуць у гісторыю, у памяць будучых пакаленняў, калі будуць працаваць на карысць свайго народа.

Пакіньце час вайны, хай наступіць час міру!

Насілле, па словах Папы, наадварот, паварочвае ход гісторыі назад. Гісторык Герадот казаў пра зруйнаваныя вайной адносіны паміж пакаленнямі, “калі дзеці больш не хаваюць сваіх бацькоў, а бацькі хаваюць дзяцей”. “Каб гэтая зямля не ператварылася ў могілкі, а зноў расквітнела пышным садам”, Святы Айцец звярнуўся да палітычных лідараў краіны з словамі Хрыста: "Пакіньце, даволі!" (Лк 22: 51). “Даволі кровапраліцця, канфліктаў, гвалту і ўзаемных абвінавачванняў у тым, хто нясе адказнасць, больш не пакідайце свой народ прагнуць міру. Даволі разбурэнняў: прыйшоў час будаваць! Пакіньце час вайны, хай наступіць час міру!” - заклікаў Святы Айцец.

Вяртаючыся да вобраза ракі і яе вытокаў як сімвалаў жыцця, Папа назваў вытокам гэтай краіны курс на пабудову рэспублікі, узяты народам Паўднёвага Судана 9 ліпеня 2011 года. “Недастаткова называцца рэспублікай, неабходна быць ёй, - зазначыў Пантыфік. - Багатыя рэсурсы, якімі Бог благаславіў гэтую зямлю, не павінны выкарыстоўвацца нешматлікімі людзьмі, а павінны быць прызнаныя ўсеагульнай спадчынай”. Акрамя таго, для жыцця рэспублікі важнае значэнне маюць развіццё здаровай дэмакратыі, павага да правоў чалавека, справядлівасць і свабода, - падкрэсліў Папа.

 Ад слоў да справы

Паводле Францішка, “прыйшоў час перайсці ад слоў да справы”: “Працэс міру і згоды патрабуе новага старту. Хай будзе дасягнута паразуменне і прагрэс у прасоўванні мірнага пагаднення і дарожнай карты!” – заклікаў змяніць напрамак, адмовіўшыся ад нянавісці, двудушнасці і апартунізму, Папа. “Прыйшоў час разам плыць насустрач будучаму!” - сказаў ён.

Плынь вялікай ракі, якая на сваім шляху прымае ў сябе іншыя рэкі і ўпадае ў возера, можа, па словах Пантыфіка, падказаць спосаб рухацца наперад. Гэта шлях сустрэчы, па якім трэба ісці: “паважаць адзін аднаго, пазнаваць адзін аднаго і ўступаць у дыялог”, “сустрэцца тварам да твару, прыняць іншых як сваіх братоў і сясцёр і вызваліць для іх месца, нават калі гэта азначае зрабіць крок назад”. Вырашальную ролю ў пераходзе ад варварства канфрантацыі да культуры сустрэчы павінна адыграць моладзь. “Хай яна бясстрашна возьмецца за будучыню, якая належыць ёй!” – заклікаў Францішак, дадаўшы, што “жанчыны, маці, якія ведаюць, як ствараецца і ахоўваецца жыццё, павінны таксама актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці і працэсах прыняцця рашэнняў”.

Дальнабачнасць дзеля будучых пакаленняў

Нагадаўшы, што менавіта па Нілу больш за стагоддзе таму ў краіну прыйшлі першыя місіянеры, услед за якімі рушылі гуманітарныя работнікі, Святы Айцец падзякаваў за іх каштоўную дабрачынную працу і заклікаў гарантаваць ім бяспеку і падтрымку.

Папа выказаў сваю блізкасць ахвярам паводак і стыхійных бедстваў, якія здараюцца, калі “збітая і параненая прырода” з крыніцы жыцця ператвараецца ў смяротную пагрозу. “Нам патрэбна дальнабачнасць, каб дзеля будучых пакаленняў клапаціцца аб стварэнні”, - адзначыў Святы Айцец, нагадаўшы, у прыватнасці, аб неабходнасці барацьбы з высечкай лясоў.

Метафара ракі, рэчышча якой павінна ўтрымліваць у чысціні, дазволіла Францішку засяродзіць увагу на барацьбе з карупцыяй. “Несправядлівае размеркаванне сродкаў, таемныя схемы ўзбагачэння, адсутнасць празрыстасці – усё гэта забруджвае рэчышча чалавечага грамадства, адцягвае рэсурсы ад неабходнага”, ад барацьбы з беднасцю. “Надзённай патрэбай любой цывілізаванай краіны з'яўляецца клопат аб сваіх грамадзянах, асабліва аб найбольш уразлівых і абяздоленых”, - падкрэсліў Пантыфік.

Для афрыканскіх праблем – афрыканскія рашэнні

Папа нагадаў пра неабходнасць кантраляваць патокі зброі, якія, нягледзячы на забарону, працягваюць паступаць у многія краіны рэгіёну, у тым ліку і ў Паўднёвы Судан. Ён таксама звярнуў увагу на важнасць распрацоўцы адпаведнай палітыкі ў галіне аховы здароўя, інфраструктуры, а таксама пісьменнасці і адукацыі. Дзеці маюць права расці, “трымаючы ў руках сшыткі і цацкі, а не зброю і працоўныя прылады”, - сказаў Святы Айцец.

“Рэкі не ведаюць межаў, яны злучаюць розныя тэрыторыі, - адзначыў Папа, кажучы пра неабходнасць развіваць пазітыўныя адносіны з іншымі краінамі, у тым ліку, у рэгіёне. Ён папярэдзіў ад спакусы навязваць краіне мадэлі, чужыя мясцовым рэаліям, паўтарыўшы словы святога Яна Паўла II аб тым, што “для афрыканскіх праблем неабходна знайсці афрыканскія рашэнні”.

Напрыканцы прамовы Францішак благаславіў Паўднёвы Судан, заклікаўшы Пана дараваць краіне “новы час міру і росквіту”.

03 лютага 2023, 17:55