Пошук

Папа падчас праграмы I Viaggi del cuore Папа падчас праграмы I Viaggi del cuore 

Пантыфік: бязлітасная вайна пазбавіла ўсмешак многіх дзяцей

Не прывязвацца да кепскіх успамінаў і не адварочваць позірк ад пакут людзей, - заклікаў Папа падчас інтэрв’ю, якое раніцай 18 лютага 2023 года выйшла на італьянскім Canale 5.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак адказаў на пытанні ксяндза Давідэ Бандзата, вядучага тэлевізійнай праграмы I Viaggi del cuore (Сардэчныя падарожжы). Першае з іх тычылася памяці і ўспамінаў. Папа заўважыў, што памяць – гэта ласка, якая дапамагае трымаць у галаве іншых людзей і месцы, якія пазначылі жыццё. Але ёсць таксама і небяспека: мы ўсе мелі ў жыцці кепскія моманты, аднак, прывязанасць да іх з’яўляецца хваробай, якая робіць шкоду чалавеку, - папярэдзіў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што шмат кепскага здараецца ў наш час: спачатку пандэмія, а цяпер бязлітасная вайна, якая справакавала эканамічны і фінансавы крызіс, а ў першую чаргу прыводзіць да гібелі вялікай колькасці людзей. У прыватнасці Фрацнішак згадаў пра жудасныя фотаздымкі людзей, якіх катавалі перад смерцю.

У першую чаргу заклапочанасць Святога Айца выклікае лёс шматлікіх украінскіх дзяцей, якія забыліся, што значыць смяяцца, і з якімі ён сустракаўся ў Ватыкане. “Пазбавіць дзіця ўсмешкі – гэта трагедыя”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы “не хаваць галаву ў пясок” перад абліччам вялікіх пакут людзей і не губляць надзею.

Гаворачы пра няверуючых людзей, Францішак нагадаў, што вера – гэта дар, таму трэба проста быць адкрытымі і не стамляцца шукаць яе. Вернікі, у сваю чаргу, не павінны жыць як язычнікі, а памятаць пра важнасць сціпласці, служэння, увагі да бедных і маліць Бога аб добрым, чалавечным сэрцы. На заканчэнне інтэрв’ю Папа папрасіў аб малітве, каб Бог адарыў такім сэрцам і яго самаго. “Маліцеся за мяне, каб я быў хрысціянскім Панам, не ідалапаклоннікам, каб Пан даў мне ласку жыць па-хрысціянску і дапамагаць Касцёлу, які з’яўляецца святым Божым народам”, - сказаў Святы Айцец.
 

18 лютага 2023, 12:29