Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

Францішак на Сусветны дзень камунікацыі: казаць ад шчырага сэрца

У наш час, схільны да абыякавасці і абурэння, неабходна гаварыць ад шчырага сэрца, - заклікаў Францішак у пасланні на 57-ы Сусветны дзень масавай камунікацыі, які ў 2023 годзе будзе адзначацца 21 мая. Яго тэма: “Гаварыць ад сэрца. Застаючыся шчырымі ў любові”.

Марыя Валодзіна – Vatican News

“У драматычным кантэксце глабальнага канфлікту, у якім мы жывём, неабходна тэрмінова ўмацаваць добразычлівы стыль камунікацыі. Нам патрэбныя такія спецыялісты па камунікацыі, якія б спрыялі поўнаму раззбраенню і дэмантажу ваеннага псіхозу, які пасяліўся ў нашых сэрцах”, - гаворыцца ў пасланні, абнародаваным у дзень успаміну святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў.

Звяртаючыся, у першую чаргу, да спецыялістаў у галіне камунікацыі, Папа ў той жа час адзначыў, што прыхільнасць да камунікацыі “ад шчырага сэрца і з распасцёртымі абдымкамі” з'яўляецца абавязкам кожнага чалавека: “Мы ўсе пакліканы шукаць і казаць праўду і рабіць гэта з любоўю”.

“Мы павінны баяцца не абвяшчэння ісціны, хоць часам і нязручнай, але таго, каб рабіць гэта без любові, без сардэчнасці. Таму што праграма хрысціяніна, як пісаў Бэнэдыкт XVI, – гэта сэрца, якое бачыць. Сэрца, якое сваім біццём раскрывае ісціну нашага існавання і якое па гэтай прычыне павінна быць пачута. Гэта прыводзіць да таго, што слухач наладжваецца на тую ж хвалю і пачынае адчуваць сваім сэрцам пульсацыю іншага сэрца. Тады можа адбыцца цуд сустрэчы”, - гаворыцца ў папскім пасланні.

Камунікаваць ад шчырага сэрца – значыць даць магчымасць адчуць “радасці і страхі, надзеі і пакуты жанчын і мужчын нашага часу”. Гэта асабліва актуальна ў наш час, схільны да абыякавасці і дэзінфармацыі, якая “фальсіфікуе і інструменталізуе праўду”.

Заклік гаварыць ад шчырага сэрца асабліва тычыцца хрысціян, з вуснаў якіх "ніколі не павінны сыходзіць дрэнныя словы", але выключна словы, здольныя рабіць дабро і змякчаць нават “самыя зацвярдзелыя сэрцы”. “Мы адчуваем гэта ў грамадскім жыцці, дзе дабрыня – гэта не проста пытанне этыкету, а сапраўднае проціяддзе ад жорсткасці, якая, на жаль, можа атруціць сэрцы і адносіны”, - звярнуў увагу Святы Айцец. Ён дадаў, што сродкі масавай інфармацыі павінны не распальваць гнеў і прыводзіць да канфрантацыі, а дапамагаць людзям спакойна разважаць, крытычна і паважліва расшыфроўваць рэальнасць.

Папа заклікаў журналістаў шукаць натхненне ў “прыемных і павучальных” сачыненнях святога Францішка Сальскага, чыё “лагоднае стаўленне, чалавечнасць, схільнасць да цярплівага дыялогу з усімі, і асабліва з тымі, хто супрацьстаяў яму, зрабілі яго выдатным сведкам міласэрнай любові Бога”. “Хіба гэта не тыя рысы, якім павінен адпавядаць артыкул, рэпартаж, трансляцыя або публікацыя ў сацыяльных сетках?” - запытаў Францішак, запрасіўшы журналістаў “шукаць і распавядаць праўду з мужнасцю і свабодай, пазбягаючы спакусы выкарыстання абуральных і агрэсіўных выразаў”.

“Я мару аб такой касцёльнай камунікацыі, якая б кіравалася Духам Святым, была б добрай і ў той жа час прароцкай, якая б умела знайсці новыя формы і спосабы абвяшчэння цудоўнай навіны, якую яна паклікана несці ў трэцяе тысячагоддзе. Аб камунікацыі, якая ставіць у цэнтр адносіны з Богам і з бліжнімі, асабліва з самымі ўразлівымі, аб камунікацыі, якая можа распаліць агонь веры”, - падзяліўся Святы Айцец у сваім пасланні.

24 студзеня 2023, 12:11