Пошук

Папа з генеральным дырэктарам МАГАТЭ Рафаэлем Гросі Папа з генеральным дырэктарам МАГАТЭ Рафаэлем Гросі   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Дырэктар МАГАТЭ: голас Папы – важны ў кантэксце ядзернай пагрозы

У інтэрв'ю ватыканскім СМІ генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі Рафаэль Гросі падкрэсліў неабходнасць пошуку шматбаковых рашэнняў міжнародных крызісаў і прадухілення ядзернай эскалацыі. Ён лічыць голас Папы важным і неабходным у кантэксце сучасных выклікаў, звязаных з ядзернай пагрозай.

Марыя Валодзіна – Vatican News

12 студзеня 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы генеральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі, які таксама сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам і сакратаром па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Полам Рычардам Галахерам.

Гросі адзначыў, што сустрэўся з Папам, паколькі ён перакананы ў важнасці яго голасу ў гэты цяжкі перыяд, у складаных міжнародных абставінах.

У інтэрв'ю Vatican News гендырэктар МАГАТЭ, у прыватнасці, спыніўся на далікатнай сітуацыі на Запарожскай АЭС, абвясціўшы, што хутка адправіцца ва Украіну, у пяты раз з пачатку канфлікту. “На дадзены момант зразумела, што гарантаванне бяспекі ядзерных аб'ектаў ва Украіне стала тэрміновым, неабходным", – сказаў ён, адзначыўшы, што сітуацыя вельмі нестабільная. Яго галоўныя намаганні накіраваны на стварэнне зоны бяспекі вакол Запарожскай АЭС, дзе “працягваюцца бамбардзіроўкі”.

“Падчас майго візіту ў мінулым верасні было дасягнута пагадненне аб пастаяннай прысутнасці агенцтва ў Запарожжы. Цяпер мая задача - дасягнуць палітычнага пагаднення паміж Масквой і Кіевам, каб забяспечыць зону ядзернай абароны і бяспекі вакол электрастанцыі”, - сказаў кіраўнік МАГАТЭ. - “Відавочна, гэта няпростыя перамовы. Я размаўляю не толькі з дыпламатамі, палітыкамі, але і з вайскоўцамі: генераламі, палкоўнікамі, людзьмі, якія ваююць у зоне актыўных баявых дзеянняў”.

“Зразумела, што ядзерная аварыя будзе мець наступствы не толькі для адной з дзвюх варожых дзяржаў, але і для больш шырокай геаграфічнай прасторы, магчыма, для ўсёй Еўропы,” - адзначыў ён.

Па словах эксперта, праца МАГАТЭ не абмяжоўваецца толькі сітуацыяй ва Украіне: “Ёсць яшчэ Іран і Паўночная Карэя”, - зазначыў ён. Перамовы з Іранам зайшлі ў тупік. Краіна з поспехам узбагачае ўран, што выклікае заклапочанасць. “Я спадзяюся, што змагу паехаць у Тэгеран. Я заўсёды кажу, што агенцтва – гэта месца для пагаднення, прастора, платформа для ўзаемаразумення. Таму я гатовы адправіцца ў падарожжа і, як мага хутчэй, пачаць усё спачатку, калі гэта магчыма”, - сказаў Гросі.

Каментуючы неаднаразовыя заклікі Святога Айца да шматбаковага падыходу да вырашэння буйных міжнародных крызісаў, генеральны дырэктар МАГАТЭ назваў “фундаментальнай” ролю Святога Пасаду. "Неабходна прыслухацца да голасу Святога Айца”, - сказаў Гросі, падкрэсліўшы, што яго візіт тлумачыцца не толькі тым, што ён католік і знаходзіцца пад духоўным кіраўніцтвам Папы, але “рэальнай сілай яго голасу ў свеце ў час вайны”.

Францішак неаднаразова асуджаў амаральнасць не толькі выкарыстання ядзернай зброі, але і валодання ёй. Адказваючы на пытанне аб тым, што можа зрабіць міжнароднае агенцтва, якое ён узначальвае, для мірнага выкарыстання ядзернай энергіі, Гросі сказаў: “Выключна мірнае выкарыстанне ядзернай энергетыкі важна, асабліва ў час, калі на чалавецтва абрынуўся яшчэ адзін крызіс – крызіс змены клімату”.

Па яго словах, у цяперашніх напружаных абставінах неабходна “не дапусціць, каб усё больш і больш дзяржаў імкнуліся да ядзернай зброі”. “У многіх краінах з’явілася ідэя, і гэта зусім няправільная ідэя, што, магчыма, цяпер неабходна пераасэнсаваць магчымасць нацыянальнага развіцця ядзернай зброі”. Але, на думку Гросі, “у нас ужо і так складаная міжнародная сітуацыя, нам не трэба ўскладняць яе”, бо, як кажа Святы Айцец, ядзерная зброя не дае бяспекі: наадварот. Неабходна мець “цярпенне і ўменне, каб пераканаць дзяржавы, а гэта няпроста”, - лічыць генеральны дырэктар МАГАТЭ.

13 студзеня 2023, 11:28