Пошук

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Моладзевай місіянерскай службы SERMIG Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Моладзевай місіянерскай службы SERMIG  (Vatican Media)

Пантыфік: моладзь павінна вучыцца весці дыялог і быць гасціннай

Кожны чалавек добрай волі можа працаваць у арсенале міру, надзеі, сустрэчы і згоды, - звярнуў увагу прадстаўнікоў Моладзевай місіянерскай службы Папа. Аўдыенцыя прайшла 7 студзеня 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Групу, якую часта пазначаюць абрэвіятурай SERMIG, была заснавана ў Турыне 24 мая 1964 года Эрнэста Аліверай разам з некалькімі маладымі католікамі з мэтай барацьбы з голадам у свеце праз справы справядлівасці і салідарнасці з самымі беднымі.

Падчас сустрэчы Францішак спаслаўся на адну з ініцыятыў Службы – Арсенал міру. Яна скіравана на тое, каб маладыя людзі вучыліся сустракацца, весці дыялог, быць гасціннымі.

“Гэта добры шлях, таму што свет змяняецца ў той ступені, у якой змяняемся мы. Нягледзячы на тое, што “гаспадары вайны” прымушаюць шматлікіх маладых людзей змагацца са сваімі братамі і сёстрамі, нам патрэбны месцы, дзе можна адчуць братэрства”, - заўважыў Папа. Ён заклікаў прадстаўнікоў Моладзевай місіянерскай службы “ніколі не стамляцца будаваць Арсенал міру”, “нават тады, калі будзе здавацца, што праца скончана”.

Падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў SERMIG
Падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў SERMIG

Пантыфік нагадаў, што “мір, надзея, сустрэча, згода будуюцца толькі Духам Святым, Духам Божым”, а ініцыятывы развіваюцца тады, калі той, хто іх рэалізуе, “дазваляе Духу дзейнічаць у сабе”. “Вы скажаце мне: а тыя, хто не верыць, хто не хрысціянін? Для нас гэта можа здацца праблемай, але дакладна не для Бога, бо Ён, Яго Дух, звяртаецца да сэрца кожнага, хто ўмее слухаць. Кожны чалавек добрай волі можа працаваць у арсенале міру, надзеі, сустрэчы і згоды”, - адзначыў Святы Айцец.

Сёння патрэбны людзі, “чыё сэрца моцна ўкаранёна ў Евангелле”, “патрэбна супольнасць веры і малітвы, якая падтрымлівае агонь для ўсіх, той агонь, які Езус прыйшоў прынесці на зямлю і які цяпер гарыць вечна”, - звярнуў увагу Папа. Ён заклікаў сваіх гасцей заставацца “супольнасцю людзей, якія цалкам прымаюць пакліканне і місію братэрства і не спыняюцца несці іх іншым”.
 

07 студзеня 2023, 12:03