Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец: дыялог – ключ да аднаўлення раўнавагі ў свеце

Толькі разам мы можам супрацьстаяць розным маральным, сацыяльным, палітычным і эканамічным крызісам, якія перажываем і якія ўзаемазвязаны, нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў 5-й Міжнароднай канферэнцыі на карысць раўнавагі ў свеце, якая 24-28 студзеня 2023 года праходзіць у сталіцы Кубы, горадзе Гавана, у памяць пра нацыянальнага героя гэтай краіны, філосафа, пісьменніка і рэвалюцыянера Хасэ Марці.

Папа заўважыў, што ўдзельнікі форума намагаюцца прадставіць постаць Марці “як стымул абудзіць сумленне ўсіх тых у свеце, хто пакліканы ствараць атмасферу дыялогу і братэрства, якая можа паспрыяць значным зменам у сучасных грамадскіх і палітычных умовах”.

Сітуацыя ў свеце “выклікае трывогу і павінна абудзіць у нас зацікаўленасць у змене курсу”, - сцвердзіў Пантыфік, падкрэсліваючы, што для гэтага ёсць “абсалютная неабходнасць сесці і выслухаць іншых”. “Неабходна тэрмінова будаваць масты, якія дапамогуць нам разам знайсці жыццяздольныя рашэнні, якія нікога не выключаюць”, - сказаў ён, заклікаючы мець на гарызонце ўсеагульнае братэрства.

Францішак прызнаўся, што быў глыбока ўражаны словамі Хасэ Марці, прамоўленымі перад магілай благаслаўлёнага Фелікса Варэлы, кубінскага святара і грамадскага дзеяча. З аднаго боку Марці захапляўся любоўю Варэлы да сваёй зямлі і яго мужнасцю ў асуджэнні таго, што ён лічыў несумяшчальным з агульным дабром, але ў той жа час ён падкрэсліваў яго лагоднасць, “істотную цноту кіраўніка, які павінен весці грамадскі і палітычны дыялог”, каб дасягнуць узгодненага рашэння.

Пантыфік заклікаў адрасатаў паслання чэрпаць натхненне са сваіх нацыянальных герояў і “вярнуць у цэнтр слова “разам”. “Сапраўды, менавіта разам, у братэрстве і салідарнасці, мы можам будаваць мір, гарантаваць справядлівасць і пераадольваць самыя балючыя падзеі”, - напісаў ён, дадаючы, што гэта “ключ да аднаўлення раўнавагі” ў свеце, бо “толькі разам мы можам супрацьстаяць розным маральным, сацыяльным, палітычным і эканамічным крызісам, якія перажываем і якія ўзаемазвязаны”.
 

24 студзеня 2023, 12:06