Пошук

Падчас аўдыенцыі для чальцоў Еўрапейскага інстытута міжнародных даследаванняў у Саламанцы Падчас аўдыенцыі для чальцоў Еўрапейскага інстытута міжнародных даследаванняў у Саламанцы  (Vatican Media)

Францішак: вайна – гэта правал палітыкі і чалавецтва

“Мір паміж людзьмі з’яўляецца важнай каштоўнасцю, дзеля якой мы павінны старанна працаваць і горача маліць Бога”, - адзначыў Папа падчас сустрэчы 26 студзеня 2023 года з чальцамі Еўрапейскага інстытута міжнародных даследаванняў у Саламанцы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле Францішка, мір не толькі выходзіць за рамкі таго, што мы можам дасягнуць выключна чалавечымі сродкамі, але вымагае ад нас адмовы ад падыходу, калі яго ўспрымаюць як просты баланс сіл або замоўчванне справядлівых патрабаванняў груп, больш слабых у грамадстве.

“Кожная вайна пакідае наш свет у горшым стане, чым яго застала. Вайна – гэта правал палітыкі і чалавецтва, ганебная капітуляцыя, горкая параза перад сіламі зла”, - працытаваў Папа сваю энцыкліку Fratelli tutti (261). Але ён лічыць, што, нягледзячы на жах вайны, не трэба здавацца, бо “з гэтага попелу можа нарадзіцца нешта новае, у гэтай няўдачы можна знайсці жыццёвы ўрок”.

“Тое, што здаецца паражэннем і прычынай ганьбы, можа, як крыж, абярнуцца перамогай. Як? Калі нашай малітвай і нашай працай мы зможам знайсці рашэнні, аб’яднаць волю людзей, сведчыць аб тым, што любоў, братэрства і сапраўдны гуманізм, народжаныя з веры, перамагаюць нянавісць, непрыняцце і жорсткасць”, - падзяліўся меркаваннем Святы Айцец, дзякуючы сваім гасцям за іх гуманістычную дзейнасць.
 

26 студзеня 2023, 10:59