Пошук

Ксёндз Айзак Ачы Ксёндз Айзак Ачы  (ANSA)

Францішак просіць аб малітве за Афрыку

Падчас агульнай аўдыенцыі Святы Айцец папрасіў аб малітве за Дэмакратычную Рэспубліку Конга, куды ён прыбудзе ў канцы гэтага месяца, а таксама за хрысціян, якіх пераследуюць у Нігерыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Звяртаючыся да франкамоўных пілігрымаў, Папа прывітаў групу вернікаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Гэта “краіна, якую я маю намер наведаць у канцы гэтага месяца і якую даручаю вашым малітвам!” - сказаў Францішак 18 студзеня 2023 года.

Звяртаючыся да англамоўных вернікаў, Папа сказаў: “Я прашу вас усіх разам маліцца за ксяндза Айзака Ачы, з дыяцэзіі Мінна, на поўначы Нігерыі, якога забілі ў мінулую нядзелю ў яго парафіяльным доме. Колькі хрысціян адчуваюць гвалт на ўласнай скуры: памолімся за іх!”.

Святар загінуў уначы 15 студзеня 2023 года ў Кафін-Кора. Ён знаходзіўся ў парафіяльным доме пры касцёле святых Пятра і Паўла, калі ў тры гадзіны ночы туды спрабавалі патрапіць невядомыя рабаўнікі. “Цалкам магчыма, што забойцы спрабавалі ўвайсці ў дом, але не змаглі, тады яны падпалілі дом, святар згарэў жыўцом”, - паведаміў агенцтву Fides дапаможны біскуп Мінны Лука Сільвестр Гапэп. Перш чым падпаліць будынак, рабаўнікі адкрылі стральбу.

 

18 студзеня 2023, 12:04