Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: найлепшым падарункам для мяне быў бы мір у свеце

У інтэрв’ю іспанскаму выданню ABC Францішак распавёў пра падарунак, які хацеў бы атрымаць на Божае Нараджэнне, а таксама з жалем прызнаўся, што часам яго асобу выкарыстоўваюць дзеля прыватных інтарэсаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На першыя пытанні журналістаў адносна стану здароўя Святога Айца, ён з гумарам заўважыў: “Я дасягнуў такога ўзросту, калі трэба казаць: “Як вы цудоўна трымаецеся!”. Папа адзначыў, што рашэнне адмовіцца ад аперацыі на калене аказалася правільным: ён паступова пачынае хадзіць самастойна.

Францішак заўважыў, што не скарачаў свайго працоўнага графіку ў сувязі з тым, што быў вымушаны перасоўвацца на вазку, бо “кіраванне ажыццяўляецца галавой, а не каленам”.

Святы Айцец прызнаўся, што самым складаным у папскім служэнні для яго з’яўляецца адсутнасць магчымасці выходзіць у горад. “У Буэнас-Айрэсе я быў вельмі свабодны. Карыстаўся грамадскім транспартам, мне падабалася глядзець на людзей, якія ходзяць па вуліцах”, - дадаў ён.

Пантыфік са шкадаваннем заўважыў, што часам яго выкарыстоўваюць дзеля прыватных інтарэсаў. Ён распавёў, як шэсць ці сем гадоў таму адзін кандыдат на выбарах у Аргенціне, прысутнічаў на Імшы ў Ватыкане і быў сфатаграфаваны разам з ім. Папа папрасіў не выкарыстоўваць здымак у палітычных мэтах і яго запэўнілі, што так і будзе. Праз тыдзень, аднак, увесь Буэнас-Айрэс быў абклеены гэтым фота, прадстаўленым так, каб здавалася, што палітык быў прыняты на прыватнай аўдыенцыі. “Так, часам мяне выкарыстоўваюць. Але мы выкарыстоўваем Бога нашмат больш, таму я маўчу і іду далей”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец таксама адзначыў, што нярэдка яго словы вырываюцца з кантэксту, у выніку чаго пачынаюць азначаць не тое, што ён хацеў сказаць. На заўвагу журналіста адносна таго, што ніводны Папа дагэтуль яшчэ не размаўляў з прэсай так свабодна, як ён, Пантыфік адказаў: “Часы змяняюцца”.

Гаворачы пра тое, які падарунак ён хацеў бы атрымаць на Божае Нараджэнне, Папа прызнаўся: “Мір у свеце. Колькі войнаў зараз ідзе на планеце! Вайна ва Украіне нас закранае найбольш, але давайце ўзгадаем пра М’янму, Емен, Сірыю, дзе баі ідуць ужо трынаццаць гадоў...”.

Поўны тэкст гутаркі Святога Айца з журналістамі выдання АBC апублікуе 18 снежня 2022 года.
 

17 снежня 2022, 11:19