Пошук

Анёл Панскі: Бог можа ператварыць крызіс у цудоўную перспектыву

Святы Юзаф вучыць даверу да Бога і адкрытасці на новыя перспектывы, - нагадаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якую правёў 18 снежня 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Сёння, у чацвёртую і апошнюю нядзелю Адвэнту, літургія прадстаўляе нам постаць святога Юзафа (пар. Мц 1, 18-24). Ён справядлівы чалавек, які збіраецца ажаніцца. Можна ўявіць, пра што ён марыў у будучыні: прыгожая сям’я, ласкавая жонка і шмат добрых дзяцей, годная праца: простыя і добрыя мары. Аднак раптам гэтыя мары разбураюцца трывожным адкрыццём: Марыя, яго нарачоная, чакае дзіця, і гэтае дзіця не яго! Што адчуваў Юзаф? Разгубленасць, боль, недаўменне, магчыма, нават раздражненне і расчараванне… На яго быццам абрынуўся ўвесь свет! І што ён мог зрабіць?”, - спытаў Папа.

Пантыфік зазначыў, што юдэйскі Закон даваў яму дзве магчымасці. Першая – асудзіць Марыю і прымусіць яе заплаціць за меркаваную нявернасць. Другая — таемна скасаваць заручыны, не падвяргаючы Марыі скандалу і цяжкім наступстваў, але прымаючы на сябе цяжар ганьбы.

“Юзаф выбірае гэты другі шлях: шлях міласэрнасці. І тут, у самай гушчы крызісу, калі ён думае і ацэньвае ўсё гэта, Бог запальвае новае святло ў яго сэрцы: у сне абвяшчае яму, што мацярынства Марыі паходзіць не ад здрады, але з’яўляецца справай Святога Духа, а дзіця, якое павінна нарадзіцца, гэта Збаўца (пар. 20-21); Марыя стане маці Месіі, а ён будзе Яго апекуном. Прачнуўшыся, Юзаф зразумеў, што найвялікшая мара кожнага пабожнага ізраільцяніна – стаць бацькам Месіі – здзяйсняецца для яго зусім нечаканым чынам”, - заўважыў Францішак.

Папа адзначыў, што каб дасягнуць гэтага, Юзафу было недастаткова належаць да роду Давіда і верна прытрымлівацца Закону, але ён павінен быў давяраць Богу нягледзячы ні на што, прыняць Марыю і Яе Сына зусім не так, як ён чакаў, не так, як гэта рабілася заўсёды.

“Іншымі словамі, Юзафу давядзецца адмовіцца ад сваёй абнадзейлівай упэўненасці, сваіх дасканалых планаў, сваіх законных чаканняў і адкрыцца на зусім невядомую будучыню. І перад абліччам Бога, які змяняе яго планы і просіць аб даверы, Юзаф адказвае згодай. Яго мужнасць – гераічная і рэалізуецца ў маўчанні: ён давярае, прымае, ён адкрыты, не патрабуе дадатковых гарантый”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа заклікаў вернікаў задумацца: што кажа нам Юзаф сёння? “Можа быць, мы шкадуем аб разбітых марах і бачым, што найлепшым чаканням часта даводзіцца сутыкацца з непрадбачанымі, трывожнымі сітуацыямі. Калі гэта адбываецца, Юзаф паказвае нам шлях: мы не павінны паддавацца негатыўным пачуццям, такім як гнеў і замкнёнасць, гэта няправільны шлях! Замест гэтага трэба з увагай прымаць жыццёвыя сюрпрызы, таксама і крызісы: калі чалавек знаходзіцца ў крызісе, трэба не прымаць рашэнне ў спешцы, інстынктыўна, але, як Юзаф, усё абдумаць і грунтавацца на галоўным крытэрыі: Божай міласэрнасці. Калі чалавек перажывае крызіс, не паддаючыся замкнёнасці, гневу і страху, але трымаючы дзверы адчыненымі для Бога, тады Пан можа ўмяшацца. Ён – спецыяліст у ператварэнні крызісаў у мары: так, Бог адкрывае крызісы на новыя, нечаканыя перспектывы, магчыма, не так, як мы чакаем, але як ведае Ён. Гэта – Божыя гарызонты: дзіўныя, але бясконца шырэйшыя і прыгажэйшыя за нашы! Няхай Панна Марыя дапаможа нам жыць у адкрытасці на Божыя сюрпрызы”, - завяршыў сваё разважанне Пантыфік.
 

18 снежня 2022, 12:19

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >