Пошук

Анёл Панскі: ачысціцца ад пачуцця перавагі і крывадушнасці

Вызваліцца ад пераканання ва ўласнай самадастатковасці і ўстаць на шлях пакоры заклікаў Пантыфік перад малітвай Анёл Панскі 4 снежня 2022 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

“У Евангеллі сённяшняй літургіі, у другую нядзелю Адвэнту, перад намі паўстае постаць Яна Хрысціцеля. У тэксце гаворыцца, што ён “меў адзенне з вярблюджай воўны”, а “ежай яму была саранча ды дзікі мёд” (Мц 3,4). Ён заклікаў усіх да навяртання: “Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (Мц 3, 2). Карацей кажучы, строгі і радыкальны чалавек, які на першы погляд можа здацца нам нават суровым і выклікаць трохі страху. Але запытаемся: чаму Касцёл штогод прапануе менавіта яго ў галоўныя спадарожнікі ў перыяд Адвэнту? Што хаваецца за яго суровасцю, за яго знешняй цвёрдасцю? У чым таямніца Яна Хрысціцеля?”, - запытаў Святы Айцец.

“На самай справе, Ян Хрысціцель – не суровы чалавек, а той, хто пакутуе на алергію на двудушнасць”, - сказаў Папа. Калі да яго набліжаюцца фарысеі і садукеі, вядомыя сваёй крывадушнасцю, у яго назіраецца вельмі моцная “алергічная рэакцыя”! Некаторыя з іх, верагодна, прыходзілі да яго з цікаўнасці або з апартунізму, таму што Ян Хрысціцель быў вельмі папулярным. Тыя фарысеі і садукеі, сутыкнуўшыся з заклікам Яна Хрысціцеля, апраўдваліся, кажучы: “Маем Абрагама за бацьку” (Мц 9). Такім чынам, двудушнасць і ганарыстасць не дазволілі ім скарыстацца шчаслівым выпадкам, магчымасцю пачаць новае жыццё. Таму Ян Хрысціцель кажа ім: “Прынясіце ж годны плён пакаяння!” (Мц 8). Гэта крык любові, як заклік бацькі, чый сын руйнуе сваё жыццё: “Не марнуй сваё жыццё!”.

Па словах Францішка, крывадушнасць – самая сур'ёзная небяспека, таму што яна можа сапсаваць нават самае святое. Вось чаму Ян Хрысціцель, а потым і Езус, суровы да крывадушнікаў. Каб скалануць, узварушыць іх. Тыя ж, хто адчуваў сябе грэшнікамі, прыходзілі і “прымалі хрост ад яго, вызнаючы грахі свае” (Мц 5). “І гэта так: каб прыняць Бога, важна не майстэрства, а пакора, трэба сысці з пастамента і пагрузіцца ў ваду пакаяння”, - запэўніў Святы Айцец.

“Ян Хрысціцель са сваімі “алергічнымі рэакцыямі” прымушае нас задумацца. Хіба і мы часам не падобныя да гэтых фарысеяў? Можа, і мы глядзім на іншых людзей пагардліва, зверху ўніз, думаючы, што мы лепшыя за іх, што трымаем сваё жыццё ва ўласных руках, што не маем штодзённай неабходнасці ў Пане, Касцёле, братах?” Адвэнт - гэта час для таго, каб зняць маскі і ўстаць у чаргу з пакорлівымі, вызваліцца ад пераканання ва ўласнай самадастатковасці, вызнаць нашы грахі і прыняць Божае прабачэнне, папрасіць прабачэння ў тых, каго мы пакрыўдзілі, - адзначыў Пантыфік.

Па яго словах, “так пачынаецца новае жыццё”. Да яго вядзе адзіны шлях – шлях пакоры. Францішак заклікаў вернікаў “ачысціцца ад пачуцця перавагі, ад фармалізму і крывадушнасці, убачыць у іншых братоў і сясцёр, такіх жа грэшнікаў, як і мы, а ў Езусе ўбачыць Збавіцеля, які прыходзіць да нас, такіх, якія мы ёсць, з нашымі слабасцямі, няшчасцямі і недахопамі, з нашай патрэбай быць паднятымі, дараванымі і выратаванымі”.

Напрыканцы свайго разважання Пантыфік нагадаў: “З Езусам заўсёды ёсць магчымасць пачаць усё спачатку. Заўсёды! Ён чакае нас і ніколі не стамляецца ад нас. Пачуйма ж заклік Яна Хрысціцеля вярнуцца да Бога. Не дазволім гэтаму Адвэнту прайсці міма нас, як лісты календара, таму што гэта час ласкі для нас, зараз і тут!”

04 снежня 2022, 12:20

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >