Пошук

Аўдыенцыя для членаў Дыкастрэрыі па камунікацыі Аўдыенцыя для членаў Дыкастрэрыі па камунікацыі 

Пантыфік: камунікацыя павінна рабіць людзей менш самотнымі

Мэта камунікацыі – спрыяць блізкасці, даваць голас тым, хто яго пазбаўлены, прыцягваць увагу да таго, што звычайна адкідаем і ігнаруем, - перакананы Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

12 лістапада 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнай сесіі і супрацоўнікаў Дыкастэрыі па камунікацыі. Ён уручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, звяртаючы іх увагу на некаторыя прынцыпы добрай камунікацыі.

“Задача камунікацыі заключаецца ў тым, каб спрыяць блізкасці, даць голас тым, хто выключаны, прыцягваць увагу да таго, што мы звычайна адкідаем і ігнаруем. Камунікацыя – гэта, так бы мовіць, майстэрства сувязяў, у якіх гучыць і дае сябе пачуць голас Бога”, - адзначыў Папа.

Францішак заўважыў, што першае заданне камунікацыі: рабіць людзей менш самотнымі. “Калі яна не памяншае пачуцця адзіноты, на якое многія мужчыны і жанчыны адчуваюць сябе асуджанымі, тады гэта камунікацыя – толькі забава, гэта не майстэрства сувязяў, як мы казалі раней”, - дадаў ён.

“Толькі заглыблены ў рэчаіснасць Касцёл сапраўды ведае, што на сэрцы ў сучаснага чалавека. Таму кожная сапраўдная камунікацыя складаецца перш за ўсё з канкрэтнага слухання, яна складаецца з сустрэч, з твараў, з гісторый. Калі мы не ўмеем прабываць у рэчаіснасці, тады абмяжуемся толькі ўказаннямі зверху, да якіх ніхто не прыслухаецца. Камунікацыя павінна быць вялікай дапамогай для Касцёла, каб жыць канкрэтна ў рэчаіснасці, аддаючы перавагу слуханню і ўлоўліваючы вялікія пытанні сучасных мужчын і жанчын”, - падкрэсліў Пантыфік.

Другі важны выклік – даваць голас тым, хто яго не мае. “Вельмі часта мы бачым камунікацыйныя сістэмы, якія маргіналізуюць і цэнзуруюць тое, што нязручна і чаго мы не хочам бачыць”, але “Касцёл, дзякуючы Святому Духу, добра ведае, што яго абавязак – быць з найменшымі, а яго натуральнае асяроддзе – экзістэнцыяльныя перыферыі”.

“Экзістэнцыяльныя перыферыі – гэта не толькі тыя, што па эканамічных прычынах апынуліся на ўзбочыне грамадства, але і тыя, хто сыты хлебам, але не мае сэнсу жыцця, гэта таксама тыя, хто жыве ў сітуацыях маргіналізацыі з-за нейкіх рашэнняў або сямейных няўдач, або ў сілу падзей асабістага характару, якія назаўжды адзначылі іх гісторыю”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што Езус ніколі не баяўся пракажонага, беднага, чужынца, нават калі гэтыя людзі былі пазначаныя маральнай стыгмай, калі іх сітуацыя лічылася неўпарадкаванай. “Цікава, ці ўмеем мы як Касцёл таксама даць голас гэтым братам і сёстрам, ці ўмеем мы іх слухаць, ці ўмеем разам з імі распазнаваць волю Бога і такім чынам звяртацца да іх са Словам, якое збаўляе”, - прапанаваў задумацца Францішак.

Нарэшце, трэцяя задача журналістаў – практыкавацца ў цяжары камунікацыі. Папа нагадаў, што на старонках Евангелля нярэдка можна ўбачыць “марудлівасць у разуменні слоў Езуса” або “непаразуменні, якія часам становяцца сапраўднымі трагедыямі, як гэта здарылася з Юдам Іскарыётам, які пераблытаў місію Хрыста з палітычным месіянізмам”. “Той, хто ведае, як дзейнічае Святы Дух, добра знае, што Ён любіць ствараць адзінства паміж адметнасцямі і ствараць гармонію з беспарадку”, - зазначыў Пантыфік, дадаючы, што адзінства прадугледжвае разнастайнасць поглядаў у імкненні да праўды, барацьбу з паклёпам, вербальным гвалтам, персаналізмам і фундаменталізмам, якія сеюць падзелы і разлад.

 

12 лістапада 2022, 13:30