Пошук

Папа падчас святой Імшы на Бахрэйнскім нацыянальным стадыёне Папа падчас святой Імшы на Бахрэйнскім нацыянальным стадыёне 

Святы Айцец падчас Імшы ў Бахрэйне: любіць, як Езус

Быць дзецьмі Нябеснага Айца, значыць навучыцца любіць усіх, - нагадаў Святы Айцец католікам з Бахрэйна, Кувейта, Катара і Саудаўскай Аравіі, а таксама з іншых краін Персідскага заліва.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

5 лістапада 2022 года Францішак узначаліў святую Імшу на Бахрэйнскім нацыянальным стадыёне ў Авалі. У ёй бралі ўдзел каля 30 тысяч вернікаў. На пачатку сваёй гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на тое, што сіла Хрыста – гэта сіла любові, а не насілля, а людзі, якія вераць у Езуса, таксама атрымліваюць здольнасць любіць як Ён: безумоўна, заўсёды і ўсіх.

Звяртаючыся да сітуацыі католікаў на Аравійскім паўвостраве, Францішак заўважыў, што яны нярэдка спазнаюць зло і не могуць у поўнай меры карыстацца сваімі правамі: нягледзячы на гэта, Езус кажа заўсёды заставацца ў любові, нават перад абліччам зла і варожасці.

“Гэта тое, чаго просіць ад нас Пан: не марыць ірэнічна аб свеце, натхнёным братэрствам, але абавязацца, пачынаючы з саміх сябе, жыць усеагульным братэрствам, канкрэтна і адважна, трываючы ў добрым, нават калі спазнаем зло, разрываючы спіраль помсты, абяззбройваючы насілле, дэмілітарызуючы сэрца”, - сказаў Папа, цытуючы словы святога Паўла: “Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром!” (Рым 12, 21)

Францішак падкрэсліў, што той, хто ідзе за Князем супакою, павінен заўсёды імкнуцца да міру. Для гэтага трэба “разарваць ланцуг зла, разарваць спіраль насілля, перастаць таіць крыўду, скардзіцца і наракаць”. “Вы павінны заўсёды заставацца ў любові: гэта шлях Езуса, каб аддаць хвалу Богу неба і будаваць мір на зямлі. Любіце заўсёды”, - заклікаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што сапраўдны выклік заключаецца ў тым, каб навучыцца любіць усіх, нават ворагаў. “Гэта фактычна азначае пастанавіць не мець ворагаў, не бачыць у іншым перашкоду, якую трэба пераадолець, але брата і сястру, якіх трэба любіць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец запэўніў вернікаў, што сілу, неабходную, каб любіць усіх, дае Езус. “Любоў – найвялікшы дар, і мы атрымліваем яе, калі вызваляем месца для Пана ў малітве, калі прымаем Яго прысутнасць у Яго слове, якое перамяняе нас, і ў рэвалюцыйнай пакоры Яго паламанага Хлеба. Такім чынам павольна руйнуюцца сцены, якія прымушаюць цвярдзець нашы сэрцы, і мы знаходзім радасць у здзяйсненні ўчынкаў міласэрнасці ўсім. Тады мы разумеем, што шчаслівае жыццё праходзіць праз благаслаўленні і заключаецца ў тым, каб стаць будаўнікамі міру”, - заўважыў Папа.

Францішак падзякаваў католікам Аравійскага паўвострава за іх сведчанне братэрства. Ён таксама запэўніў іх у любові і падтрымцы з боку Паўсюднага Касцёла. “Няхай Найсвяцейшая Панна, Маці Божая Аравійская, суправаджае вас на вашым шляху і заўсёды захоўвае ў любові да ўсіх”, - сказаў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі.
 

05 лістапада 2022, 09:58